EPAM купляе кансалтынгавую кампанію, якая працуе з 20 найбуйнейшымі сусветнымі банкамі

EPAM заявіў пра куплю кансалтынгавай кампаніі First Derivative, якая спецыялізуецца на аказанні інжынерных, тэхнічных і бізнэс-паслуг фінансавым установам, уключаючы 20 найбуйнейшых сусветных банкаў, піша Devby.io.

07.10.2024 / 21:33

Фота: brianconlonfoundation.com

Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Паўночнай Ірландыі, а штат налічвае больш за 1800 супрацоўнікаў. Кампанія ў асноўным працуе ў Вялікабрытаніі, Ірландыі, Паўночнай Амерыцы і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

«Мы радыя пашырыць наш партфель фінансавых паслуг і дыверсіфікаваць нашу глабальную прысутнасць у ключавых рэгіёнах дзякуючы глыбокаму вопыту First Derivative ў галіне рынкаў капіталу, банкаўскіх аперацый і абслугоўвання актываў», — пракаментаваў пагадненне аб куплі прэзідэнт глабальнага бізнэсу EPAM Балаж Фееш.

First Derivative з'яўляецца падраздзяленнем тэхналагічнай кампаніі FD Technologies, акцыі якой каціруюцца на альтэрнатыўным інвестыцыйным рынку (AIM) пры Лонданскай фондавай біржы.

У FD Technologies заявілі, што сума здзелкі складзе 230 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (блізу 300 млн даляраў). Яе плануецца закрыць да канца гэтага года.

Гэта ўжо другая падобная здзелка EPAM бягучай восенню. У пачатку верасня стала вядома, што EPAM купляе амерыканскую кансалтынгавую кампанію Neoris за 630 млн даляраў. Абедзве пакупкі абыдуцца кампаніі амаль у 1 мільярд даляраў.

У беларускага офіса EPAM выручка ўпала на 42%, а прыбытак — у 5 разоў

Айцішнікі з Беларусі знялі палову офіснай Вільні — але цяпер трацяць цікавасць

У EPAM пакрысе скарачаецца выручка і штат

Колькі падаткаў заплацілі ў бюджэт Літвы фірмы з беларускімі каранямі

Nashaniva.com