Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх

«Яны нам распавядаюць праўду пра пакуты свайго народа. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, бо жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну», — сказала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.

09.10.2024 / 09:16

Наступствы бамбардзіроўкі Газы. Фота: Hatem Ali / AP

Арганізацыя RAW in WAR (Reach All Women in WAR — «дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны») прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай 2024 года палесцінскім журналісткам. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе прэміі, піша «Новая газета».

Камітэт па намінацыях заявіў, што «глыбока ўзрушаны самаадданай і рашучай упартасцю», з якой журналісткі з Газы «асвятляюць пакуты мірных жыхароў і выступаюць у абарону чалавечнасці на фоне грубых парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў».

«Пакуль вайскоўцы і палітыкі гавораць мовай вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыццё, ахвяруючы сваім уласным жыццём пад абстрэламі. Ратуюць само жыццё.

Яны нам распавядаюць праўду пра пакуты свайго народа. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, таму што жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну», — сказала пісьменніца, лаўрэатка прэміі імя Паліткоўскай 2018 года, сябра камітэта ў намінацыях Святлана Алексіевіч.

Як адзначаюць у арганізацыі RAW in WAR, у выніку нападу баевікоў ХАМАС на поўдні Ізраіля 7 кастрычніка 2023 года загінулі 1195 чалавек, у тым ліку 36 дзяцей, яшчэ 251 чалавек быў узяты ў закладнікі. Пры гэтым з-за ваенных дзеянняў у адказ ЦАХАЛ у Газе загінула 41 тысяча чалавек, яшчэ больш за 95 тысяч атрымалі раненні, а з 2,2-мільённага насельніцтва 1,9 мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

У ААН сцвярджаюць, што ізраільская армія не дапускае журналістаў з іншых краін на тэрыторыю Газы, калі яны не знаходзяцца ў складзе ЦАХАЛ.

Nashaniva.com