Кіраўнік МІ-5: Расія хоча зладзіць хаос на вуліцах Брытаніі

Кіраўнік брытанскай контрразведкі МІ-5 Кен Маккалум заявіў, што расійская разведка паставіла перад сабой мэту зладзіць «хаос на брытанскіх і еўрапейскіх вуліцах», і папярэдзіў, што Вялікабрытанія цяпер сутыкаецца з самай складанай і шматслаёвай пагрозай за ўсю сваю гісторыю.

09.10.2024 / 10:40

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну з Еўропы былі высланыя больш за 750 расійскіх дыпламатаў, многія з якіх, паводле звестак заходніх урадаў, былі шпіёнамі.

Са слоў Маккалума, расійскія спецслужбы выконваюць пастаянную місію стварэння хаосу на брытанскіх і еўрапейскіх вуліцах з дапамогай «падпалаў, сабатажу і шмат чаго іншага».

Кіраўнік разведкі не ўдакладніў, якія менавіта акцыі ён мае на ўвазе, аднак у апошні час улады Брытаніі і іншых еўрапейскіх дзяржаў паведамлялі аб раскрыцці некалькіх змоў расійскіх спецслужбаў, накіраваных на арганізацыю дыверсій.

У тым ліку ў пачатку кастрычніка ў Лондане пачаўся суд над абвінавачанымі ў падпале будынка ў Лондане, які належыць украінскім бізнесменам. Паводле версіі пракуратуры, яны дзейнічалі на замову расійскай ПВК «Вагнер».

У траўні прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў аб арышце дзевяці чалавек, якім прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі на тэрыторыі некалькіх краін Еўропы розных дыверсій па заданні расійскіх спецслужбаў.

У красавіку ў Германіі былі арыштаваныя двое мужчын, якіх падазраюць у планаванні дыверсій на даручэнне расійскай сакрэтнай службы. На думку пракуратуры, гэтыя людзі мелі намер арганізаваць напады на амерыканскія вайсковыя базы, дзе навучаюцца ўкраінскія вайскоўцы.

Nashaniva.com