Буданаў асабіста ўдзельнічаў у аперацыі па вызваленні Ваўчанскага завода

«Некалькі сутак прысутнічаў, непасрэдна кіраваў місіяй», — кажа паплечнік.

09.10.2024 / 14:00

Фота: ГУР Украіны

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў быў з разведчыкамі на ключавым этапе аперацыі па вызваленні Ваўчанскага агрэгатнага завода. Пра гэта заявілі ў эфіры тэлемарафона, піша hromadske.ua.

«Ні для каго не таямніца, што Кірыл Аляксеевіч Буданаў часта непасрэдна ўдзельнічае ў аперацыях. Канкрэтна ў гэтай аперацыі ён быў з намі ў ключавы момант, на ключавым этапе. Некалькі сутак прысутнічаў, непасрэдна кіраваў місіяй. Безумоўна, гэта падтрымлівае байцоў, дае ім матывацыю», — сказалі ў тэлемарафоне.

24 верасня падраздзяленні ГУР цалкам вызвалілі тэрыторыю Ваўчанскага агрэгатнага завода і знішчылі акупантаў ва ўсіх 30 будынках прадпрыемства. Разведка адзначыла, што аперацыя была «надзвычай складанай».

У Ваўчанску сілы абароны ўжо некалькі месяцаў трымалі заблакаванымі расійскія войскі на мясцовым агрэгатным заводзе. А ўжо 16 верасня пачалі з'яўляцца паведамленні, што ўкраінскія войскі контратакавалі ў раёне Ваўчанска. Паводле ацэнкі Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW), вайскоўцы выбілі расейцаў з завода.

Nashaniva.com