Тайваньскі напой, які спачатку не спадабаўся беларусам, стаў папулярным у нас праз 10 гадоў

Баблцішныя пакрысе захопліваюць Мінск. Што ж гэта за экзатычны напой — бабл-ці?

10.10.2024 / 12:58

Фота з інстаграму lotus_bubble

У аснове Bubble tea (ці гарбаты з бурбалкамі) — гарбата (чорная, зялёная, улун) і шарыкі тапіёкі. Вось тыя самыя шарыкі-бурбалкі і ёсць галоўнай фішкай. Тапіёка — гэта крупчасты крухмалісты прадукт, які вырабляюць з каранёў расліны маніёк. Ён высокакаларыйны і лёгка засваяльны. Шарыкі з тапіёкі знешне нагадваюць шарыкі з жэле.

Бабл-ці бывае малочным (калі выкарыстоўваецца звычайнае ці безлактознае малако, вяршкі) і не. Цяпер часта дадаюць розныя сіропы, кавалачкі садавіны і нават робяць для напою «сырную накрыўку» (гэта ўзбіты малочна-сметанковы крэм, які кладуць зверху).

Бабл-ці з’явіўся ў Тайвані ў 1980-х гадах. Існуе некалькі розных версій наконт таго, у якім гарбатным пакоі ўпершыню прыдумалі дадаць да гарбаты з малаком (а такая мода пачалася на востраве яшчэ з часоў галандскай каланізацыі ў 1624—1662 гадах) шарыкі тапіёкі.

Напой стаў карыстацца шалёнай папулярнасцю — спачатку на радзіме, а потым і за яе межамі. У 1990-я бабл-ці гатавалі ўжо ў розных краінах свету. Але да Беларусі мода дабіралася доўга.

Першыя месцы, дзе можна было пачаставацца бабл-ці, адкрыліся ў нас каля дзесяці гадоў таму. Напой спачатку з'явіўся ў сушы-барах «Манга», затым у Bubble Maker у ГЦ Galileo.

А ў 2015 годзе насупраць Нацыянальнага мастацкага музея адкрылі Bubbles Bar, дзе бабл-ці стаў асноўнай фішкай. Тады дырэктар расказваў у інтэрв’ю «Анлайнеру», што выбіраў месца ў горадзе, дзе ходзіць шмат замежнікаў. Ён меркаваў, што для беларусаў першы час новы напой будзе надта экзатычным, таму разлічваў больш на турыстаў з іншых краін.

Пратрымацца доўга ў Bubbles Bar не атрымалася. Ужо 1 студзеня 2016 года ў яго сацсетках паведамілі, што кафэ больш не працуе. Апярэджваць моду не заўсёды добра.

View this post on Instagram

A post shared by BUBBLE TEA | БАБЛ ТИ МИНСК (@lotus_bubble)

Здаецца, у 2024 годзе беларусы нарэшце палюбілі смак бабл-ці. Бо месцы, дзе прадаюць гэты напой, з’яўляюцца як грыбы пасля дажджу. У спісе фуд-блогера «Мерзкий Кокобай» цяпер 22 варыянты, і гэта далёка не канец. Нават з'явілася асобная назва для кафэ, дзе галоўны напой бабл-ці — баблцішная. Пра тое, якой папулярнасцю карыстаецца напой з Тайваня, сведчыць тое, што за адзін дзень — 7 кастрычніка — у Мінску адкрыліся адразу дзве баблцішных («Тапіёка» на Нямізе і «Поп ці» на вуліцы Кісялёва).

Што па цэнах? Напрыклад, у Lotus Bubble за самы маленькі і танны бабл-ці трэба заплаціць 5,5 рубля, але хапае варыянтаў і за 9-10 рублёў (у залежнасці ад памеру і складнікаў).

Але дактары раяць усё ж не злоўжываць моднай гарбатай. За кошт розных дабавак бабл-ці становіцца ў разы менш карысным за звычайны чорны або зялёны чай. Адзначаюць і высокую каларыйнасць гарбаты з бурбалкамі, якая звязана з высокай колькасцю вугляводаў у тапіёцы, а таксама каларыйнасцю сіропаў.

Нігерыйскі футбаліст, які гуляе за «Івацэвічы», набыў французскую кавярню ў Брэсце

Кафэ ў Магілёве расклеіла незвычайныя аб'явы

Уладальнік «Паедзем паядзім» ля Курапатаў адкрыў новы рэстаран у Новай Баравой

Якая сетка кафэ самая распаўсюджаная ў Беларусі? Гэта не «Бургер Кінг» і не былы «Макдональдс»

Nashaniva.com