«Тады мы ўдарым па Пецярбургу». Вайскоўцы з Польшчы і краін Балтыі абмеркавалі ваенны адказ на магчымую расійскую агрэсію
Пасля вайны ва Украіне Расія можа накіраваць свой «імперыялістычны экспансіянізм» на Эстонію, Латвію, Літву і Польшчу, заявіў на канферэнцыі Defending Baltics дарадца прэзідэнта Літвы па нацыянальнай бяспецы Кястуціс Будрыс.
11.10.2024 / 13:20
Паводле ягоных слоў, верагоднасць такога сцэнарыя ўзрасце, калі Беларусь цалкам стане часткай так званай Саюзнай дзяржавы, піша Bild.
«Украіна дае нам некалькі гадоў часу. Калі Расія пераможа ва Украіне, у нас будзе адна расійская дывізія ў Львове, адна ў Брэсце і адна ў Гродне», — заявіў на той жа канферэнцыі начальнік Генеральнага штаба Польшчы Раймунд Анджэйчак.
Паводле ягоных слоў, калі расійскія войскі перасякуць мяжу з Літвой, будзе «неадкладны адказ».
«Не ў першы дзень, а ў першую хвіліну. Мы ўдарым па ўсіх стратэгічных аб’ектах у радыусе 300 кіламетраў. Мы ўдарым непасрэдна па Санкт-Пецярбургу», — заявіў Анджэйчак.
Ён упэўнены, што еўрапейскія краіны «павінны ўзяць ініцыятыву ў свае рукі» і даць Расіі зразумець, што напад на Польшчу ці краіны Балтыі будзе пачаткам татальнага супрацьстаяння. Анджэйчак лічыць, што гэта адзіны спосаб утрымаць Крэмль ад такой агрэсіі.
З гэтай мэтай Польшча цяпер закупляе 800 ракет з далёкасцю да 900 кіламетраў, якія будуць выкарыстаны ў выпадку нападу Расіі.
«Мы павінны быць здольныя нанесці ўдар у адказ адразу самастойна, не чакаючы рашэння ў некаторых сталіцах НАТА аб тым, ці варта задзейнічаць артыкул пяць», — заявіў камандуючы літоўскай арміі Раймундас Вайкшнорас.