Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Фармальнай зачэпкай стала «забароненае» фота, якое вісела ў яе сацсетках з 2020 года.

11.10.2024 / 22:04

Таццяна Караткевіч

Кандыдатку ў прэзідэнты — 2015 Таццяну Караткевіч асудзілі па адміністратыўным палітычным пратаколе. Пра гэта паведамілі «Нашай Ніве» сябры палітыка. Па іх словах, яна атрымала 15 сутак. Фармальнай прычынай стала тое, што ў сацсетках Караткевіч знайшлі нейкае «забароненае» фота з 2020 года.

Адметна, што да суда яе не затрымлівалі, адпусцілі дадому пасля складання пратаколу. Аднак у судзе далі не штраф, а 15 сутак.

У 2015 годзе Караткевіч удзельнічала ў выбарах прэзідэнта як лідарка руху «Гавары праўду». Іншых дэмакратычных кандыдатаў не было, таму шмат хто з апанентаў Аляксандра Лукашэнкі галасаваў за яе. Па ацэнках назіральнікаў, у Мінску яна набірала каля 20-30% галасоў. Тым не менш на відавочна сфальсіфікаваных выбарах ёй намалявалі ўсяго 4,44% і паставілі на другое месца ўслед за Лукашэнкам.

У 2020 годзе Караткевіч узначаліла ініцыятыўную групу кандыдата Андрэя Дзмітрыева.

Пасля выбараў і пратэстаў адышла ад палітычнай дзейнасці, займалася сацыяльнай дапамогай людзям з інваліднасцю.

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»

Выйшаў на волю Андрэй Дзмітрыеў. Ён адседзеў прысуджаныя яму паўтара года

Nashaniva.com