Аналіз ДНК паказаў, што Хрыстафор Калумб быў яўрэем
Ён быў вымушаны хаваць сваё паходжанне, а ягонае першае плаванне да берагоў Амерыкі, якое пачалося ў 1492 годзе, супала з выгнаннем яўрэяў з роднай Іспаніі каталіцкімі каралямі, Ізабелай Кастыльскай і Фердынандам Арагонскім, для якіх ён шукаў шлях у Вест-Індыю.
13.10.2024 / 19:49
Магчымы пасмяротны партрэт пэндзля Себасцьяна дэль П'ёмба. 1519. Метраполітэн-музей у Нью-Ёрку. Фота: Wikimedia Commons
Згодна з дакументальным фільмам «ДНК Калумба: яго сапраўднае паходжанне», які паказалі на іспанскім тэлеканале RTVE, Калумб быў яўрэем і паходзіў з Іспаніі.
Даследнікі пад кіраўніцтвам судова-медыцынскага эксперта Мігеля Ларэнтэ даследавалі малюсенькія ўзоры парэшткаў, пахаваных у Севільскім саборы, які ўлады даўно лічаць апошнім прыстанкам Калумба, хоць гэтая версія падвяргалася сумневу.
Краіны доўга спрачаліся пра паходжанне і месца апошняга спачыну першаадкрывальніка, які з 1492 года ўзначальваў экспедыцыі, што адкрылі шлях для еўрапейскай каланізацыі Амерыкі. Іх фінансавалі каталіцкія каралі Ізабела Кастыльская і Фердынанд Арагонскі.
У 1492 годзе каталіцкія каралі падпісалі Альгамбрскі эдыкт, які прадпісваў усім яўрэям Іспанскага каралеўства, а гэта значыць Іспаніі, Сардзініі і Сіцыліі, за тры месяцы альбо хрысціцца, альбо пакінуць межы краіны. Тых, хто не зрабіў гэта, абвясцілі па-за законам.
Многія гісторыкі падвяргалі сумневу традыцыйную тэорыю, што Калумб быў з Генуі на паўночным захадзе Італіі. Згодна з іншымі версіямі ён быў грэкам, баскам ці партугальцам.
Ларэнтэ, інфармуючы журналістаў пра вынікі даследавання, пацвердзіў, што парэшткі ў Севільі належалі Калумбу. Даследчыкі параўналі іх з узорамі парэшткаў вядомых сваякоў і нашчадкаў першаадкрывальніка.
Ларэнтэ сказаў: «Сёння стала магчымым праверыць гэта з дапамогай новых тэхналогій, так што тэорыя, што парэшткі ў Севільі належаць Хрыстафору Калумбу, была канчаткова пацверджаная».
Даследаванне этнічнага паходжання было ўскладнена шэрагам фактараў, у тым ліку вялікім аб'ёмам даных, але «вынік амаль абсалютна надзейны», дадаў Ларэнтэ.
Магіла Калумба ў Кафедральным саборы Севільі. Труну нясуць каралі Кастыліі, Леона, Арагона і Навары
Калумб памёр ва ўзросце 55 гадоў у паўночна-заходнім іспанскім горадзе Вальядалід у 1506 годзе, але пажадаў быць пахаваным на востраве Эспаньёла, які сёння дзеляць Дамініканская Рэспубліка і Гаіці.
Ягоныя парэшткі былі адвезеныя туды ў 1542 годзе, затым у 1795 годзе перавезеныя на Кубу, а затым у Севілью ў 1898 годзе.
У 1877 годзе рабочыя знайшлі свінцовую труну, закапаную за алтаром у саборы ў Санта-Дамінга, сталіцы Дамініканскай Рэспублікі, якая змяшчае фрагменты касцей, якія, паводле меркавання ўладаў краіны, належаць Калумбу.
Ларэнтэ адзначыў, што абодва сцвярджэнні могуць быць праўдай, паколькі абодва наборы касцей няпоўныя.
У 2010 годзе амерыканскі гісторык Мануэл да Сілва Роза таксама выказваў здагадку, што Хрыстафор Калумб меў карані ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прычым, на ягоную думку, Калумб паходзіў з дынастыі Гедымінавічаў: ягоным дзедам быццам бы мусіў быць вялікі князь Ягайла, а бацькам — авантурны кароль Уладзіслаў III, які, як лічылася, загінуў у бітве пад Варнай.
Аналіз рэшткаў Калумба расставіў кропкі над «і».
Паводле генетычных даследаванняў Універсітэта Лідса, праведзеных у 2008 годзе, 20 % сучаснага насельніцтва Іспаніі маюць сефардскія яўрэйскія карані па мужчынскай лініі.