«Найгоршы сцэнар для Расіі». Саудаўскі прынц адмовіўся ехаць да Пуціна на саміт БРІКС і прыгразіў абваліць нафту да $50

Мядовы месяц у адносінах Расіі з Саудаўскай Аравіяй — ключавым партнёрам Крамля на нафтавым рынку — магчыма, падыходзіць да канца. Фактычны ўладальнік саудаўскага трона, яго спадкаемца прынц Махамед бен Салман, не прыняў запрашэння наведаць саміт БРІКС, які адбудзецца 22—24 кастрычніка ў Казані, піша The Moscow Times.

14.10.2024 / 18:55

Саудаўскі прынц Махамед Бен Салман з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у лютым 2024 года. Фота: Bandar Aljaloud/Saudi Royal Palace via AP

Пра тое, што Крэмль жадае бачыць Махамеда бен Салмана на саміце, які ўлады назвалі «самай значнай замежнапалітычнай падзеяй» у расійскай гісторыі, у верасні паведамляў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Але Эр-Рыяд адказаў адмовай.

«Саудаўская Аравія накіруе міністра замежных спраў», — заявіў памочнік Пуціна па міжнародных справах Юрый Ушакоў, каментуючы падрыхтоўку саміту на мінулым тыдні. З чым звязанае рашэнне прынца, Ушакоў не ўдакладніў, абмовіўшыся, зрэшты, што на «партнёраў» Расіі ціснуць заходнія краіны, пагражаючы наступствамі ў выпадку паездкі ў Казань.

Саудаўская Аравія, якая не далучылася да антырасійскіх санкцый, пасля пачатку вайны заставалася ключавым саюзнікам Крамля на рынку нафты. Хоць адміністрацыя Джо Байдэна восенню 2022 года ўгаворвала саўдытаў павялічыць здабычу, каб замяніць расійскія барэлі, якія трапілі пад эмбарга, Махамед бен Салман застаўся верны саюзу з Пуціным і, наадварот, скараціў пастаўкі на 2 млн барэляў на дзень. Мэтай было ўтрымліваць каціроўкі блізка да $100 за барэль.

Але праз два гады настроі ў Эр-Рыядзе пачалі мяняцца. Каралеўства занепакоенае зніжэннем сваёй долі на рынку і мае намер перайсці да палітыкі павелічэння здабычы, нават калі для гэтага прыйдзецца доўга трымаць нізкія цэны, расказалі ў канцы верасні знаёмыя з сітуацыяй крыніцы Financial Times.

Міністр энергетыкі Саудаўскай Аравіі прынц Абдэль Азіз бен Салман заявіў, што некаторыя краіны картэля АПЕК+, у прыватнасці Казахстан і Ірак, не выконваюць свае квоты, і прыгразіў, што кошт барэля можа абрынуцца да $50.

Для Расіі гэта найгоршы сцэнар з магчымых, адзначае Люк Купер, навуковы супрацоўнік Лонданскай школы эканомікі: крушэнне нафтавых каціровак да ўзроўняў 2014-2016 гадоў істотна ўскладніць Пуціну «фінансаванне яго вайсковай машыны». У бюджэт бягучага года ўрад заклаў нафту па $70 і прыкладна на такую ж цану ($69,7) разлічвае ў наступным годзе.

Саудаўская Аравія, у адрозненне ад Расеі, можа лягчэй перажыць танную нафту, тлумачыць Купер: радовішчы ў Аравійскай пустыні знаходзяцца значна бліжэй да паверхні, чым сібірскія паклады ў вечнай мерзлаце, а таму сабекошт саудаўскіх барэляў ніжэйшы. Да таго ж Эр-Рыяд можа лёгка і хутка нарасціць вытворчасць і кампенсаваць цэнавыя страты за кошт аб'ёмаў.

Як гэта адбываецца, бен Сальман наглядна прадэманстраваў Пуціну ў 2020 годзе, калі Расія ў разгар пандэміі вырашыла выйсці са здзелкі АПЕК+. Саудаўская Аравія нарасціла здабычу да 12 млн барэляў за дзень, абвясціла рэкордныя за 30 гадоў зніжкі і спусціла нафтавыя цэны да ўзроўняў 1990-х гадоў (менш за $10 за барэль Brent). Праз некалькі месяцаў Крэмль быў вымушаны капітуляваць, вярнуцца ў пагадненне і, паводле новых умоў, скараціць здабычу больш за ўсіх.

«У адрозненне ад саудаўскай, расійская нафта не з'яўляецца таннай у здабычы. Таму (Расія) дрэнна падрыхтаваная да сітуацыі нізкіх цэнаў, — адзначае Купер. — Гэта тлумачыць расійскую логіку вайсковай эскалацыі, якая патрабуе хуткіх поспехаў на полі бою — да таго, як цэны нафты ўпадуць».

Цяпер Саудаўская Аравія пампуе 8,9 млн барэляў у дзень — і гэта мінімальная здабыча з 2011 года. Са снежня каралеўства пачне дадаваць на рынак 83 тысяч барэляў у дзень кожны месяц і да канца снежня 2025 года павялічыць пастаўкі на 1 млн барэляў у дзень.

Па словах крыніц FT, рост здабычы можа адбыцца і хутчэй, калі краіны АПЕК+ не будуць прытрымлівацца квотаў.

Саудаўская Аравія пагражае Расіі падзеннем цэн на нафту да $50 за бараль

Лукашэнка быў бы рады з'ездзіць у Саудаўскую Аравію

«Планаваў забіць свайго дзядзьку-караля атручаным пярсцёнкам з Расіі». Сталі вядомыя таямніцы галоўнага наследніка трона Саудаўскай Аравіі

Зяленскі ўгаварыў Саудаўскую Аравію ўзяць удзел у Саміце міру

Саудаўская Аравія мае намер рэзка павялічыць здабычу нафты. Але не сёлета

Nashaniva.com