«Алмі» аштрафавалі за завышэнне цаны на хлеб
ЗАТ «Юніфуд» заплаціць больш за 15 тысяч рублёў штрафу за парушэнне парадку ўтварэння цэны, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.
15.10.2024 / 14:24
Фота: Officelife.media
Як паведамляецца, парушэнне выявіла праверка МАРТ. Устаноўлена, што на працягу паўгода прадпрыемства прадавала хлеб «Лаваш» з перавышэннем максімальных гандлёвых надбавак.
Справа дайшла да Эканамічнага суда Мінска. Там падлічылі, што пры гандлі па цэнах, усталяваных у адпаведнасці з заканадаўствам, разліковая выручка кампаніі склала б 7631,10 рубля.
У выніку суд прыняў рашэнне аштрафаваць ЗАТ «Юніфуд» на двухкратны памер розніцы паміж фактычнай і разліковай выручкай. Суд таксама аштрафаваў на 200 рублёў «службовую асобу, адказную за правільнасць фарміравання цэн».