Дуда і Туск у Сейме паспрачаліся пра беларусаў: прэзідэнт абвінаваціў прэм'ера ў тым, што ён хоча пазбавіць іх права на прытулак

Дональд Туск назваў заяву Анджэя Дуды вялікім глупствам.

16.10.2024 / 15:40

Анджэй Дуда

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск абмяняліся крытычнымі заявамі ў Сейме. Гаворка зайшла ў тым ліку пра беларусаў.

Дуда выступіў у парламенце з нагоды гадавіны выбараў у Сейм, якія прывялі да змены ўрада. У сваім выступленні польскі лідар закрануў і міграцыйную праграму, якую напярэдадні прадставіў Туск.

Яна ў тым ліку прадугледжвае магчымасць часовай тэрытарыяльнай забароны на падачу прашэнняў аб прытулку ў Польшчы. Дуда абвінаваціў кабінет у тым, што ён хоча пазбавіць права на абарону беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Усё сведчыць пра тое, што [міграцыйная праграма] зробіць немагчымым, напрыклад, для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі знайсці прытулак у Польшчы. Але Польшча была і застаецца і, спадзяюся, застанецца краінай свабоды і салідарнасці. У Польшчы ёсць шматвяковая традыцыя падтрымкі памкненняў да свабоды іншых народаў і надання прытулку людзям, якія змагаюцца за свабоду», — заявіў Дуда.

Паводле яго слоў, дакумент, прадстаўлены ўрадам, фактычна не пакіне магчымасці атрымаць абарону людзям, якіх пераследуюць у Беларусі за палітыку.

Пасля прэзідэнта перад Сеймам выступіў Туск. Прэм'ер назваў словы Дуды вялікім глупствам.

«Прэзідэнт закрануў праблемы польска-беларускай мяжы і гучную справу аб наданні прытулку на прыкладзе патэнцыйных беларускіх бежанцаў. Не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазіцыянер спрабаваў незаконна перасячы польска-беларускую мяжу ў складзе груп, арганізаваных Лукашэнкам. Калі ласка, не злуйцеся, спадар прэзідэнт, але дурней нічога сказаць нельга», — адзначыў Туск.

Ён заявіў, што абмежаванні на наданне прытулку будуць тычыцца тых, хто спрабуе незаконна пранікнуць на тэрыторыю Польшчы з Беларусі, штурмуючы памежны плот.

Пра гэта ж заявіў і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. З ягоных слоў, абмежаванні, якія хоча ўвесці ўрад, наўрад ці будуць тычыцца актывістаў беларускай апазіцыі.

«Меркаваныя абмежаванні на падачу заяў носяць тэрытарыяльны і часовы характар, напрыклад, тэрмінам на 90 дзён з магчымасцю працягвання па рашэнні парламента. Выпадкаў, калі беларускі апазіцыянер спрабаваў незаконна перасячы польскую мяжу з групамі, пасланымі Пуціным і Лукашэнкам, не зафіксавана»» — адзначыў Сікорскі, якога цытуюць wiadomosci.wp.pl.

Ён дадаў, што памежнікі нават у выпадку ўвядзення часовай забароны на падачу прашэнняў аб прытулку будуць рабіць выключэнні для ўразлівых груп: маці з дзецьмі, людзей, якія бягуць ад магчымых катаванняў, і іншых.

Тэма беларусаў і Беларусі часта гучыць у кантэксце польскай палітычнай барацьбы. Напрыклад, падчас леташніх парламенцкіх выбараў тагачасная апазіцыя абвінавачвала кіроўную партыю «Права і справядлівасць» у тым, што яна «ператварае Польшчу ў Беларусь» — мелася на ўвазе пабудова недэмакратычнага палітычнага рэжыму і ціск на СМІ. Пайшоўшы ў апазіцыю, «ПіС» стала выкарыстоўваць гэты ж аргумент ужо супраць урада Туска.

У чым сутнасць новай міграцыйнай стратэгіі і чаму гэта важна для беларусаў?

Беларусы — сярод лідараў па колькасці заяў на наданне міжнароднай абароны ў Польшчы. Толькі за 9 месяцаў 2024 года прашэнні падалі 2900 грамадзян нашай краіны. Больш — толькі ўкраінцаў (4,5 тысячы). Пры гэтым дагэтуль працэнт адмоў беларусам быў мінімальны.

Стратэгія, прадстаўленая ўрадам, прадугледжвае новую мадэль надання нацыянальнай і міжнароднай абароны іншаземцам у канкрэтным месцы і на пэўных умовах. Гэта значыць магчымасць падаваць заявы на абарону для тых, хто легальна заехаў у краіну, павінна застацца. Аднак як будзе працаваць новая сістэма, пакуль невядома.

Урад збіраецца ўзмацніць праверкі кожнага заяўніка, а ў выпадку падазрэнняў просьбітаў змогуць прымусова адпраўляць у цэнтры ўтрымання мігрантаў да завяршэння разгляду справы. Тэрміны разгляду абяцаюць скараціць. Пры гэтым тым, каму ў прытулку будзе адмоўлена, давядзецца ў кароткія тэрміны пакінуць Польшчу, іх перамяшчэнні да дэпартацыі будуць кантраляваць спецслужбы.

Тых, хто ўсё ж атрымае міжнародную абарону, чакае абавязковая і ўсёахопная праграма інтэграцыі ў польскае грамадства.

Пункт міграцыйнай стратэгіі аб прытулку стаў самым дыскусійным. Яго раскрытыкавалі ў тым ліку партнёры партыі Туска па ўрадавай кааліцыі, што можа сур'ёзна абцяжарыць прыняцце неабходных законаў у Сейме. Партыі прэм'ера неабходныя галасы партнёраў, патрэбнай большасці ў парламенце ў яе няма.

Урад Польшчы ўхваліў стратэгію супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі. Сталі вядомыя новыя дэталі

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы

Польшча створыць мінныя палі на сваёй усходняй мяжы

Nashaniva.com