Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна раптоўна пакінула арганізацыю
Пра гэта яна напісала ў сваім фэйсбуку.
17.10.2024 / 08:26
Defendersbelarus.org
«З 11 кастрычніка 2024 года, па ўласнай заяве, я больш не з'яўляюся членам Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека. Гэты досвед быў для мяне неацэнным. Жадаю калегам поспехаў у іх далейшай працы», — напісала Марыя Колесава-Гудзіліна.
Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека была створана ўвосень мінулага года. Адвакаты, якія былі пазбаўленыя права на прафесію ў Беларусі і вымушана пакінулі краіну, аб'явілі пра сваё рашэнне аб'яднацца ў такую арганізацыю.
Мэтамі і задачамі асацыяцыі з'яўляюцца: прадстаўніцтва перад замежнымі калегамі, сумеснае абмеркаванне агульных праблем і пошук іх вырашэння, дапамога калегам у Беларусі, нарошчванне прафесійных кампетэнцый і падтрыманне высокіх стандартаў прафесіі, што ў будучыні можа стаць асновай для дэмакратычных рэформаў адвакатуры ў Беларусі.