Як беларусы робяць з хрушчовак сучасныя еўракватэры ФОТЫ

Візітная картка хрушчовак — нізкія столі і маленькія кухні памерам ад 5,5 да 7 квадратаў, якія ўласнікі імкнуцца аб'яднаць з гасцёўнямі. Паглядзелі, як беларусы робяць сучаснымі старыя савецкія кватэры.

20.10.2024 / 11:28

Хрушчоўка ў скандынаўскім стылі

Адзін з прыкладаў пераробленай хрушчоўкі — трохпакаёвая кватэра на Кедышкі, 3, у доме 1961 года пабудовы.

У кватэры аб'ядналі кухню з гасцёўняй, крыху перарабілі калідор і ванны пакой.

У зоне кухні ўздоўж адной сцяны размясцілі варачную панэль, выцяжку, мікрахвалёўку, духавую шафу. Пад акном на ўсю даўжыню ідзе стальніца з працоўнай зонай.

Злева ад акна мыйка і шафа для посуду. Лядоўня стаіць там, дзе раней знаходзіўся праход з калідора ў кухню.

Іншую частку калідора ахвяравалі для павелічэння ваннага пакою. Так з'явілася ніша пад пральную машыну. На месцы маленькай ванны — прасторная душавая кабіна. 

За пераробленую 3-пакаёвую хрушчоўку з рамонтам у скандынаўскім стылі просяць 130 тысяч даляраў. Агульная плошча — 59 м². 

Тры памяшканні ў адным

Некаторыя пры перапланіроўцы аб'ядноўваць у адно памяшканне не толькі кухню і гасцёўню, але і калідор, пасля чаго ў кватэры з'яўляецца адно вялікае памяшканне, як гэта часта робяць у так званых «еўракватэрах».

Так зрабілі ў трохпакаёвай кватэры па адрасе Козыраўская, 35/1. Агульная плошча кватэры 53 м². Знаходзіцца яна на пятым паверсе пяціпавярховага дома 1967 года пабудовы.

Просяць за яе 78 800 даляраў. 

Кардынальнае перапланаванне

Прыклад кардынальнай перапланіроўкі жытла — кватэра на Шаўчэнка, 26, што побач з кінатэатрам «Кіеў». Гэта дом 1963 года пабудовы.

Там не толькі аб'ядналі гасцёўню з кухняй і калідорам, а яшчэ і перабудавалі сцены ў спальным пакоі, знайшлі месца для гардэробнай і замянілі аконны праём.

Праўда, праз такую перабудову спальні засталася плошча ўсяго 9,2 м² і няправільная геаметрычная форма ў дадатак.

Са спальні дзверы вядуць у гардэробную, уваход у якую стылізаваны пад шафу. 

Агульная плошча кватэры — 41,5 м². Прадавец ацэньвае яе ў 115 тысяч даляраў.

Еўратрохпакаёўка з асобным ванным пакоем

Яшчэ адзін прыклад пераробкі хрушчоўкі ў больш сучаснае жытло — трохпакаёўка па адрасе Надзеждзінская, 3. 

У кватэры пазбавіліся калідора, які вёў з прыхожай у кухню. На яго месцы з'явілася прыбіральня, за кошт чаго ванны пакой стаў асобным.

Частку калідора пакінулі пад нішу для лядоўні. Трапіць у кухонны пакой можна праз гасцёўню.

У кухні зрабілі падваконнік, якія адначасова служыць барнай стойкай і стальніцай.

Сцяну паміж памяшканнямі разбурылі, але пакінулі магчымасць аддзяліць кухню ад гасцёўні дзякуючы рассоўным дзвярам. 

За пераробленую трохпакаёўку з максімальна прахадной гасцёўняй просяць 90 тысяч даляраў. Агульная плошча памяшкання — амаль 50 «квадратаў».

Кватэры еўрафармату набіраюць папулярнасць у Беларусі

Пасля працяглага росту ў Беларусі прыкметна знізіўся попыт на нерухомасць. Чаму так адбываецца?

У Вільні здаюць кватэру плошчай усяго 11 м². Вось як гэта выглядае

Nashaniva.com