Расію западозрылі ў маштабнай фальсіфікацыі эканамічнай статыстыкі
Заявы расійскіх уладаў аб тым, што эканоміка справілася з заходнімі санкцыямі і бурна расце, нягледзячы на адключэнне банкаў ад SWIFT і абмежаванні на пастаўку тавараў і тэхналогій, могуць быць прапагандай і хлуснёй, лічаць эксперты Стакгольмскага інстытута эканомікі пераходнага перыяду пры Стакгольмскай школе эканомікі (NIER), піша The Moscow Times.
17.10.2024 / 15:15
Старшыня Цэнтрабанка Расіі Эльвіра Набіуліна лічыцца адной са стваральніц эканамічнага цуду ваеннага часу ў Расіі. Фота: Russian Central Bank Press Office via AP
Паводле статыстыкі Расстата, у 2022 годзе расійскі ВУП асеў на 1,2% (у 6 разоў менш, чым прагназаваў урад у пачатку вайны), пасля чаго адразу ж перайшоў да росту — на 3,6% у мінулым годзе і 4,6% за першую палову 2024-га.
Аднак вясёлкавыя лічбы ператвараюцца ў прах, калі дапусціць, што расійскія ўлады прыніжаюць ключавы эканамічны параметр — узровень інфляцыі, вынікае з падлікаў шведскіх эканамістаў.
Паводле звестак Расстата, індэкс спажывецкіх цэн у 2022 годзе вырас на 11,9%, у 2023-м — на 7,4%, за студзень—верасень 2024-га — на 5,8%. Сумарна — 27,1% з пачатку вайны.
Альтэрнатыўныя метрыкі інфляцыі даюць лічбы ў разы вышэй, адзначаюць у NIER. Так, індэкс цэн на паўсядзённыя тавары (FMCG), які разлічвае Romir на аснове рэальнага кошыка спажывання расейцаў, падскочыў на 33,4% у першы год вайны, 23,2% — у другі і яшчэ 13,7% за 9 месяцаў 2024 года. У суме — на 87%.
Калі скарэктаваць рост ВУП Расіі не на афіцыйную інфляцыю, а на звесткі Romir, то рост на 3,6% летась ператвараецца ў спад на 8,7%, падлічылі ў NIER.
Эканамісты выкарыстоўвалі таксама яшчэ тры альтэрнатыўныя мадэлі ацэнкі расійскай эканомікі, і ні адна з іх не паказала росту. ВУП, разлічаны на аснове даляравага кошту нафты, летась упаў на 1,9%, на аснове рублёвага кошту нафты — на 8,2%, а мадэль карэляцыі з ВУП ЗША паказала абвал на 10,9%.