У касцёле ў Францыі знайшлі даўно страчаную карціну Батычэлі

Карціна, якая з XIX стагоддзя захоўвалася ў вясковым касцёле Святога Фелікса, аказалася творам генія эпохі Адраджэння.

18.10.2024 / 12:11

Выяўленая ў касцёле ў Шампіньі-ан-Бос карціна, якая прыпісваецца майстэрні Батычэлі. Каля 1510 года

Пра гэта паведамляе Euronews.

Праз дзесяць гадоў пасля таго, як карціну выявілі ў касцёле Святога Фелікса ў камуне Шампіньі-ан-Бос у даліне Луары, эксперты пацвердзілі яе прыналежнасць да эпохі Адраджэння.

Даследаванні паказалі, што гэта копія шэдэўра Сандра Батычэлі, створаная ў яго майстэрні ў пачатку XVI стагоддзя.

Карціна была ўпершыню заўважана ў 2010 годзе куратарам Нацыянальнага музея эпохі Адраджэння Матэа Джанезелі, які звярнуў увагу на яе падабенства з працамі знакамітага фларэнтыйскага мастака. Ён меркаваў, што яна можа быць звязана з майстэрняй Батычэлі, асабліва праз яе падабенства з шэдэўрам «Дзева Марыя, немаўля Хрыстос і Святы Ян Хрысціцель», напісаным паміж 1490 і 1495 гадамі. Аднак тэсты Цэнтра даследаванняў і рэстаўрацыі музеяў Францыі паказалі, што карціна была створана каля 1510 года, неўзабаве пасля арыгінала Батычэлі.

Сандра Бацічэлі. «Багародзіца з дзіцем і маладым Св. Янам Хрысціцелем». Каля 1490—1495. Галерэя Уфіцы

Эксперты лічаць, што карціна была зроблена ў майстэрні Батычэлі, і магчыма, сам майстар удзельнічаў у стварэнні ключавых дэталяў.

Асаблівую ўвагу звярнулі на твар Дзевы Марыі, які напісаны з большай дакладнасцю, чым астатнія фігуры. Асаблівыя прыкметы выкарыстання тэхнікі яечнай тэмперы і алейнай фарбы пацвярджаюць яе паходжанне.

Копія будзе прадстаўлена побач з арыгіналам на выставе «Батычэлі: Две Мадонны ў Шамборы», якая пройдзе ў капліцы Шамбора з 19 кастрычніка 2024 года па 19 студзеня 2025 года. Пасля гэтага карціна адправіцца ў Галерэю Уфіцы ў Фларэнцыі, дзе захоўваецца арыгінал.

Кошт знаходкі пакуль невядомы, але іншая праца з майстэрні Батычэлі нядаўна была ацэненая Sotheby's на суму да 5 мільёнаў еўра. Гэта значная сума, але значна меншая, чым арыгіналы Батычэлі. Адна з яго карцін была прададзена за 84 мільёны еўра ў 2021 годзе.

Сандра Батычэлі. «Нараджэнне Венеры». 1482—1486. Галерэя Уфіцы

Сандра Батычэлі, які жыў з 1445 па 1510 год у Фларэнцыі, быў выдатным мастаком эпохі Адраджэння. Ён быў сучаснікам Леанарда да Вінчы, і яго творчасць стала важным этапам пераходу ад італьянскай готыкі да ранняга Адраджэння. Сярод яго самых знакамітых твораў — «Нараджэнне Венеры», якая лічыцца адной з самых вядомых карцін у Галерэі Уфіцы.

Nashaniva.com