«Фанфары, дзяржава для народа». Ужо некалькі месяцаў у метро круцяць выступы Лукашэнкі

Мінчукі і госці сталіцы меркавалі, што гэта разавая акцыя, але Лукашэнка не знік з экранаў.

18.10.2024 / 17:40

Прамовы Лукашэнкі круцяць на экранах у метро. Скрыншот відэа з сацсетак

На экранах, якія вісяць на платформах мінскага метро, некалькі месяцаў круцяць прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Звычайна спачатку гучаць фанфары, пасля нейкая прамова палітыка (напрыклад, пра дзяржаву для народа ці штосьці ў такім духу), і на заканчэнне — зноў фанфары. На фоне падчас гэтага — афіцыйны герб і чырвона-зялёны сцяг.

Людзі рэагуюць па-рознаму. Некаторыя мінчукі кажуць, што проста не звяртаюць увагі на тое, што круцяць на экранах.

Іншыя каментуюць больш рэзка.

«Як у Паўночнай Карэі сябе адчуваеш. Усюды — вялікі правадыр», — дзеліцца чалавек уражаннямі.

У апошнія гады ўлады ўзмацнілі ідэалагічную апрацоўку. Па прадпрыемствах і навучальных установах ездзяць з лекцыямі прапагандысты, па тэлебачанні круцяць ура-патрыятычныя песні аўтарства Ганны Сялук (псеўданім нявесткі Лукашэнкі), а да наступных выбараў запусцілі «марафон адзінства» — серыю мерапрыемстваў у падтрымку Лукашэнкі, якія пройдуць у розных гарадах.

Пры гэтым у краіне з 2020 года працягваюцца масавыя рэпрэсіі. Тады Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па інфармацыі з участкаў, дзе падлік галасоў ішоў у прысутнасці незалежных назіральнікаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

Па інфармацыі праваабаронцаў, за 2020—2024 гады было заведзена больш за 19 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх крымінальных справах праходзяць шматлікія фігуранты.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Nashaniva.com