Чаму адзенне беларускіх модных брэндаў каштуе так дорага? Тлумачыць кіраўніца аднаго з іх

Якасць адзення модных беларускіх вытворцаў пытанняў звычайна не выклікае. А вось чаму за яго трэба заплаціць два вагоны грошай, цікавіць шмат каго.

20.10.2024 / 08:00

Фота з інстаграму брэнду Espireo

Растлумачыць сітуацыю вырашыла кіраўніца брэнду Espireo. Дзяўчына расказала ў тыктоку, што пытанні пра высокі кошт беларускіх брэндаў даволі часта сустракае ў інтэрнэце.

— Па-першае, усё наша адзенне шыецца і вяжацца ў Беларусі беларускімі рукамі. Не рукамі дзяцей з Кітая, В'етнама ці Бангладэша. Гэта, безумоўна, уплывае на кошт.

Дзяўчына адзначае, што брэнд толькі распрацоўвае мадэлі, а пашыў замаўляе ў прадпрыемстваў. Таму аплачваць трэба не толькі працу швачкі, але і аказанне бізнэс-паслугі.

— Другі пункт выдаткаў — гэта закуп матэрыялаў (у першую чаргу тканін). На жаль, з-за таго, што мы вельмі маленькі брэнд адзення, мы не можам заказваць тканіны з Кітая, Турцыі напрамую. Мы закупляем тканіны ў Беларусі ў пастаўшчыкоў. Пастаўшчык — гэта пасярэднік у лагістычным ланцужку. І кожны чарговы пастаўшчык накручвае сваю капеечку. І мы як канчатковае звяно плацім больш, чым калі б маглі купляць тканіны напрамую ў завода. Такія рэаліі маленькага бізнэсу.

@espireo

Почему одежда белорусских брендов такая дорогая?

♬ оригинальный звук - ESPIREO - базовый гардероб

Дзяўчына таксама адзначае, што, каб заплаціць супрацоўніку пэўную суму грошай на картку, брэнду трэба выдаткаваць суму прыкладна ў паўтары разу больш, каб зрабіць за чалавека ўнёскі ў ФСАН (34%) і іншыя.

— Чацвёрты пункт — гэта ўтрыманне крамы: арэнда, камуналка, кандыцыянер. Сёлета мы толькі на пакупку і ўсталёўку кандыцыянера патрацілі 12 тысяч рублёў — гэта вялізныя грошы для нас. І ўсё гэта выліваецца ў істотныя выдаткі, якія мы павінны ўключаць у кошт нашых вырабаў.

Кіраўніца брэнду кажа, што шмат грошай сыходзіць і на маркетынг:

— Рэклама, стварэнне кантэнту, тыя ж прыгожыя пакецікі, друкаваная прадукцыя, мерапрыемства брэнду.

Відэа завірусілася ў тыктоку. Але, нягледзячы на тлумачэнні, людзі працягнулі абурацца цэнамі ў каментарыях, сцвярджаючы, што сярэднестатыстычны беларус не можа сабе дазволіць набыць швэдар за 190 рублёў.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Дарэчы, раней у акаўнце брэнду Espireo у тыктоку супрацоўнікі абураліся, што стаміліся адмываць танальны крэм з адзення пасля прымеркі.

— Не ведаю, што робяць у мас-маркеце, але мы збіраем такія рэчы, нясём іх у хімчыстку. Мы плацім за гэта шмат грошай. Потым нясём усё назад, і так проста бясконца.

Каб неяк вырашыць гэту праблему брэнд прапанаваў наведвальніцам сваёй крамы перад прымеркай нацягваць на твар спецыяльныя аднаразовыя шапачкі-маскі, каб не запэцкаць адзенне.

Беларускі брэнд выпусціў заплечнік з восеньскімі матывамі

У канфіскаце Гомеля з’явіўся люксавы абутак — красоўкі амаль за 4 тысячы рублёў. Жыхары ўражаныя

Mark Formelle выпусціў калекцыю з беларускай выцінанкай

Беларускам прапаноўваюць віп-шопінг са стылісткай у Італіі. Бонус — інвалід першай групы ў кампаніі. Навошта?

Nashaniva.com