Свет на парозе непазбежнага глабальнага даўгавога крызісу: як гэта пагражае разбурыць нашу будучыню?
Глабальны дзярждоўг планеты ўжо сёлета пераадолее сімвалічную адзнаку ў 100 трыльёнаў даляраў, а разам з ім імкліва расце і сусветная інфляцыя, сведчаць апошнія даныя Міжнароднага валютнага фонду. Свет сутыкнецца з адной з самых страшных эканамічных і сацыяльных катастроф у гісторыі, калі ўрады не падрыхтуюцца да крызісу.
21.10.2024 / 16:52
Ілюстрацыйная выява. Фота: Getty Images
Пазыковы крызіс усё больш пагражае сусветнай эканоміцы. Па прагнозах Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія будуць прадстаўленыя ў ЗША толькі ў гэтую сераду, сусветны дзяржаўны доўг да канца года дасягне каласальных 100 трыльёнаў даляраў. Гэтая лічба кажа пра тое, што для барацьбы з наяўнымі эканамічнымі праблемамі ўрады пазычаюць усё больш і больш грошай, але гэтая тэндэнцыя таксама набліжае іх да мяжы, за якой многім краінам будзе немагчыма пакрываць крэдыты. І калі прамарудзіць з вырашэннем гэтай праблемы, то свет сутыкнецца з глабальным эканамічным крахам, піша агенцтва Bloomberg.
Галоўнымі «вінаватымі» ў росце глабальнай запазычанасці з'яўляюцца найбуйнейшыя сусветныя эканомікі, такія як ЗША і Кітай. У ЗША, напрыклад, да 2050 года доўг, паводле прагнозаў МВФ, дасягне 200% ад ВУП, а ў Кітаі — бліжэй да 150% (на дадзены момант даўгі ЗША і Кітая ад іх ВУП складаюць 97,4% і 62,1% адпаведна).
Іншыя найбуйнейшыя эканомікі таксама не з'яўляюцца выключэннем. Да 2050 года доўг Японіі можа дасягнуць 400% ВУП. За імі ідуць Італія і Францыя, дзе ўзровень доўгу дасягне амаль 200% ад іх ВУП. Нават адносна стабільныя эканомікі, такія як Вялікабрытанія і Германія, выклікаюць у экспертаў асцярогі: у той час як Германія можа скараціць свой доўг у будучыні, многія іншыя краіны G7 працягваюць назапашваць свае даўгавыя абавязкі.
Такім чынам, вышэйпералічаныя дзяржавы ўяўляць сабой агмені патэнцыйнай глабальнай фінансавай небяспекі, паколькі эканомікі іншых частак свету з імі моцна ўзаемазвязаныя. Калі іх даўгі пачынаюць расці, гэта павышае кошт запазычанняў і для іншых дзяржаў планеты, адзначае Bloomberg.
Дзярждоўг усёй планеты, па апошніх даных МВФ, ужо складае 94,8% ад сусветнага ВУП.
Замкнёнае кола дзярждоўга і інфляцыі
Акрамя росту даўгоў, апошнія даныя МВФ сведчаць і пра адначасовы рост сусветнай інфляцыі. Абодва росты ўскосна ўзаемазвязаныя і па прынцыпе замкнёнага кола спрыяюць павелічэнню адзін аднаго.
На ўзнікненне інфляцыі ўплываюць такія фактары, як бурны эканамічны рост, павелічэнне дабрабыту насельніцтва, перавышэнне попыту над прапановай, эканамічныя санкцыі, а таксама лакальныя і сусветныя ўзрушэнні (напрыклад, пандэмія каранавіруса або вайна паміж дзвюма краінамі). Усё гэта прыводзіць да зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва, абясцэньвання грашовай масы з-за яе вялікай колькасці і павелічэння дзяржаўных выдаткаў для падтрымкі насельніцтва і бізнэсу. У апошнім выпадку дзяржавы часта звяртаюцца да ўнутраных і знешніх запазычанняў, каб не дапусціць дэфіцыту бюджэту.
Разам з гэтым для барацьбы з ростам інфляцыі дзяржавы падымаюць ключавыя працэнтныя стаўкі, каб знізіць цэны на тавары і адпудзіць насельніцтва ад пазычання грошай у банкаў. Аднак павышэнне працэнтнай стаўкі таксама павышае кошт абслугоўвання дзяржаўнага доўгу з-за высокіх выплат па працэнтах, што змушае ўрады браць яшчэ больш пазыкаў або ўключаць «друкарскі станок», што павялічвае грашовую масу ў краіне і спрыяе росту інфляцыі. Калі інфляцыя працягвае расці, а дзяржавы працягваюць пазычаць грошы для падтрымання сваёй эканомікі, гэта можа стварыць замкнёнае кола, калі доўг павялічваецца хутчэй, чым расце эканоміка. У канчатковым выніку гэта можа прывесці да даўгавога крызісу, калі дзяржава не зможа абслугоўваць свой доўг і абвясціць пра банкруцтва.
Цэнтральныя банкі па ўсім свеце прымаюць радыкальныя меры, каб справіцца з інфляцыяй і ростам запазычанасці.
Напрыклад, Банк Расіі падняў ключавую працэнтную стаўку да 19% і можа павысіць яе ў найбліжэйшыя месяцы. Цэнтральныя банкі іншых краін, такіх як ПАР, Венгрыі, Бразіліі і Мексікі, таксама маюць намер скарэктаваць сваю палітыку, бо сутыкаюцца з цяжкасцямі ў барацьбе з інфляцыяй і чакаюць яе павышэння. У гэты ж перыяд інфляцыя ў Канадзе зніжаецца, і чакаецца, што Банк Канады ўпершыню знізіць працэнтныя стаўкі, бо ў мінулым ён гэтую стаўку паступова падымаў.
Пры гэтым цэнтральным банкам розных краін, асабліва найбуйнейшых у эканамічным плане, патрэбна больш кааперавацца з урадамі і пастаянна кантраляваць грашовую масу, абмяжоўваючы камерцыйныя банкі ў выдачах крэдытаў насельніцтву ці абмяжоўваючы ўрад у выкарыстанні грашовых рэзерваў.
Центральным банкам неабходна працягваць трымаць працэнтныя стаўкі адносна высокімі (але не павялічваць іх яшчэ больш), каб змагацца з інфляцыяй, больш набываць нацыянальную валюту на адкрытым рынку для ўмацавання яе курсу і пры гэтым прымушаць свае ўрады карыстацца дзяржбюджэтам больш разумна і эканомна.
Самі ўрады павінны скараціць дзяржаўныя выдаткі і павялічыць сваё ўмяшальніцтва ў эканоміку, каб стрымліваць рост цэнаў на тавары і паслугі, адначасова знізіўшы тэмп росту заробкаў у насельніцтва.
Гэтыя меры, кажуць эксперты, могуць дапамагчы ўрадам змагацца з ростам інфляцыі без неабходнасці звяртацца да дадатковых пазык, што можа стрымаць рост дзярждоўгу і нават спрыяць ягонаму скарачэнню.
Аднак гэтыя ж меры адначасова могуць нашкодзіць росту эканомікі, абмежаваць яе свабоду, а таксама выклікаць незадаволенасць у бізнэса і насельніцтва.
Якімі будуць наступствы, калі пакінуць усё як ёсць?
Калі не прымаць меры, сусветная эканоміка з высокай верагоднасцю ўпрэцца ў цагляную сцяну: урады будуць вымушаныя скарачаць выдаткі на абслугоўванне ўласных даўгоў, што прывядзе да зніжэння будучых замежных інвестыцый у іх эканомікі — ад інфраструктуры да сацыяльных праграм.
Наступствы глабальнай бяздзейнасці могуць быць яшчэ больш сур'ёзнымі для краін у стадыі развіцця з нізкім узроўнем даходу, якія шмат у чым залежаць ад запазычанняў і інвестыцый буйных эканомік свету. У выпадку, калі даўгавыя праблемы развітых дзяржаў прывядуць да росту сусветных працэнтных ставак, менш развітым краінам будзе значна складаней атрымаць якія-небудзь сродкі для падтрымання ўласных эканомік. Гэта можа прывесці да валютных крызісаў, масавай беднасці і палітычнай нестабільнасці ў такіх краінах паводле прынцыпу даміно.
Але праблема не абмяжоўваецца толькі пытаннямі дзярждоўгу і інфляцыі. Калі гэтыя фактары будуць ігнаравацца ўрадамі, то на змену ім можа прыйсці іншая пагроза, але больш маштабная — эканамічная рэцэсія (перыяд эканамічнага спаду, які суправаджаецца скарачэннем валавага ўнутранага прадукту і ўзроўню вытворчасці, падзеннем узроўню жыцця насельніцтва, спажывання, інвестыцый, а таксама ростам беспрацоўя).
У якасці прыкладу можна прывесці Германію, найбуйнейшую эканоміку Еўропы, якая, паводле агенцтва Bloomberg, хутчэй за ўсё ўжо знаходзіцца ў стане рэцэсіі. Пры слабым росце эканомікі Германіі астатнія краіны ЕС могуць яшчэ больш заглыбіцца ў такія праблемы, як слабы спажывецкі попыт і беспрацоўе.
Акрамя таго, варта ўлічваць і палітычна-сацыяльныя наступствы ігнаравання праблемы. Ва ўмовах росту інфляцыі, дзярждоўгу і беспрацоўя могуць успыхнуць народныя беспарадкі, што збольшага ўжо назіралася ў краінах Лацінскай Амерыкі (асабліва ў Венесуэле і Аргенціне).
На хвалі эканамічнай нестабільнасці атрымліваюць імпульс папулісцкія і радыкальныя палітычныя сілы (як, напрыклад, ультраправая партыя «АдГ» у Германіі ці нацысцкая «Партыя свабоды», якая нядаўна перамагла на выбарах у Аўстрыі), што ў доўгатэрміновай перспектыве толькі ўзмоцніць нестабільнасць на лакальным і глабальным узроўнях.
Калі ў будучыні ўрады пачнуць адзін за адным абвяшчаць банкруцтвы, колькасць войнаў за пераразмеркаванне рэсурсаў у свеце павялічыцца, сусветныя рынкі абваляцца, глабальны гандаль таварамі зменшыцца, мільёны людзей па ўсёй планеце страцяць працу.
Дрэннай навіной з'яўляецца тое, што нават пры сур'ёзных намаганнях урадаў краін планеты па змаганні з праблемай росту дзярждоўга і інфляцыі, наступны глабальны эканамічны крах, які пачнецца з крызіса даўгавога, непазбежны, лічыць кіраўніцтва МВФ.
«Нашы прагнозы сведчаць пра бязлітаснае спалучэнне нізкага росту сусветнай эканомікі і высокага дзярждоўгу. Урады павінны працаваць над скарачэннем доўгу і аднаўленнем грашовых рэзерваў перад наступным шокам, які, несумненна, наступіць, і, магчыма, раней, чым мы гэтага чакаем», — цытуе Bloomberg папярэджанне МВФ, якое будзе прадстаўлена свету ў найбліжэйшыя дні.
Чарговы гадавы максімум. Чаму расце даляр?
Наколькі рэалістычны прагноз эканамічнага развіцця Беларусі на 2025 год? Адказвае эканаміст
Звыш 80% кампаній па распрацоўцы нейрасетак у свеце банкрутуюць. Чаму так?