«Усміхнуўся і добразычліва кіўнуў». Магілёўскі біскуп расказаў, пра што ён размаўляў з Папам у Ватыкане

5 кастрычніка стала вядома, што дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі падчас другой сесіі XVI звычайнай Генеральнай асамблеі сінода біскупаў у Ватыкане меў размову з самім Папам рымскім Францішкам. Пра сустрэчу паведаміў сам Аляксандр Яшэўскі ў інстаграме, апублікаваўшы фота з пантыфікам. Але толькі цяпер у інтэрв'ю Ватыканскаму радыё ён расказаў, пра што была тая размова.

21.10.2024 / 16:07

Біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас размовы з Папам Францішкам на Сінодзе. Фота: Vatican Media

«Паразмаўляў сёння са Святым Айцом Францішкам. Ніхто нам не перашкаджаў. Не было іншых удзельнікаў у чарзе да Папы, таму мы сёння даўжэй паразмаўлялі. З бласлаўленнем Пантыфіка для ўсёй Беларусі я шчаслівы адышоў ад Святога Айца», — коратка апісаў сустрэчу Аляксандр Яшэўскі 5 кастрычніка.

Паводле Аляксандра Яшэўскага, гэтая сустрэча працягвалася ўсяго пяць хвілін, «хоць размова, здавалася, цягнулася цэлую гадзіну».

Падчас размовы Папа спытаўся ў Яшэўскага, як ён уяўляе будучыню Каталіцкай царквы ў Беларусі.

«Я шчыра падзяліўся сваімі меркаваннямі пра выклікі, з якімі сутыкаецца наш Касцёл і падкрэсліў важнасць больш актыўнага дыялогу з моладдзю і свецкімі», — сказаў Яшэўскі.

Францішак, паводле яго «слухаў з уважлівай усмешкай» і падтрымаў такі падыход. А пасля размовы Папа прапанаваў кароткую малітву заі Беларусь і яе народ. 

Акрамя таго, падчас размовы з Папам Францішкам, паводле слоў біскупа Яшэўскага,

«мы закранулі некалькі важных пытанняў, звязаных з выклікамі, з якімі сутыкаецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Асноўная ўвага была нададзена наладжванню дыялога з дзяржаўнымі ўладамі і магчымасцям ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ва ўмовах абясцэньвання ў сучасным свеце хрысціянскіх каштоўнасцяў, абароне жыцця і выхавання дзяцей і моладзі, а таксама пэўным існуючым праблемам у лакальным Касцёле».

На заканчэнне размовы Яшэўскі выказаў Папу сваю надзею на яго візіт у Беларусь, маўляў, тут яго вельмі чакаюць. На што той усміхнуўся і добразычліва кіўнуў.

Беларускі біскуп Аляксандр Яшэўскі сустрэўся ў Ватыкане з папам Францішкам

Папа Францішак папрасіў перадаць прывітанне Лукашэнку

Зяленскі падарыў Папу Рымскаму карціну, прысвечаную трагедыі ў Бучы

Найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі склаў паўнамоцтвы

Папа Францішак раскрытыкаваў абодвух кандыдатаў у прэзідэнты ЗША

Nashaniva.com