Як зменяцца стаўкі адзінага падатку для ІП і самазанятых
Паглядзелі, наколькі плануюць падняць стаўкі адзінага падатку з 2025 года для ІП і самазанятых па некаторых папулярных відах дзейнасці.
22.10.2024 / 10:31
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Павышэнне падатку прадугледжана ў праекце змяненняў Падатковага кодэкса.
Напрыклад, самазанятыя, якія ў Мінску аказваюць цырульніцкія, касметычныя паслугі або робяць манікюр і педыкюр, з наступнага года будуць плаціць 384 рублі ў месяц замест 364 рублёў сёлета. У абласных цэнтрах — 353 рублі замест 335.
За дызайнерскія паслугі адзіны падатак вырасце з 510 да 538 рублёў у Мінску і з 471 да 496 у абласных цэнтрах.
Распрацоўшчыкі сайтаў замест 637 рублёў будуць плаціць 671 рубель у Мінску і 621 замест 589 рублёў у абласных цэнтрах.
На 10 рублёў больш будуць плаціць сталічныя рэпетытары — 186 рублёў. У абласных гарадах рост складзе 9 рублёў і дасягне 172 рублёў.
Адзіны падатак для ІП за кароткатэрміновую здачу жылых памяшканняў вырасце ў Мінску з 667 да 703 рублёў, у абласных цэнтрах — з 621 да 655 рублёў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Больш за ўсё стаўка адзінага падатку з 1 студзеня 2025 года можа вырасці для ІП, якія гандлююць у розніцу «іншымі харчовымі таварамі» — з 1561 да 1654 рублёў у Мінску і 1020 замест 968 рублёў у абласных цэнтрах.
Менш за ўсё (на 2 рублі) падатак вырасце ў тых фізасоб, якія аказваюць паслугі па распілоўцы і колцы дроў, займаюцца пагрузкай і разгрузкай грузаў — з 42 да 44 рублёў у сталіцы і з 40 да 42 у абласных цэнтрах.
Разам з павышэннем ставак адзінага падатку чарговы раз скараціўся спіс відаў дзейнасці. Для ІП іх засталося толькі тры:
- кароткатэрміновая арэнда жытла;
- раздробны гандаль таварамі, аднесенымі да пэўных груп тавараў;
- частка работ і паслуг, якія падпадаюць пад пункт «іншыя віды» (за выключэннем відаў работ і паслуг, названых у пункце 2 арт 336 Падатковага кодэкса).