Германія і ЗША блакіруюць запрашэнне да ўступлення ў НАТА для Украіны, але не толькі яны
Венгрыя, Славакія, Бельгія, Славенія і Іспанія таксама супраць запрашэння Украіны ў НАТА.
24.10.2024 / 10:55
Фота: Getty Images
Выданне Politico піша, што план перамогі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сутыкаецца з праблемай, бо грунтуецца на атрыманні Украінай запрашэння да ўступлення ў НАТА, а некаторыя ключавыя сябры альянсу не зацікаўленыя ў тым, каб гэта адбылося.
«Па словах чатырох амерыканскіх і натаўскіх чыноўнікаў і дыпламатаў, якія на ўмовах ананімнасці падзяліліся апошнімі ўнутранымі дыскусіямі, Германія і ЗША з'яўляюцца аднымі з найбуйнейшых дзяржаў, якія не спяшаюцца рэагаваць на заклік Зяленскага аб неадкладным запрашэнні да ўступлення ў НАТА».
Politico адзначае, што ключавыя сябры альянсу занепакоеныя тым, што могуць быць уцягнутыя ў вайну з Расіяй.
У інтэрв'ю выданню пасол ЗША ў НАТА Джуліяна Сміт адкрэсліла амерыканскую пазіцыю: «На сённяшні дзень альянс не дасягнуў таго пункту, калі ён гатовы прапанаваць сяброўства або запрашэнне Украіне».
Але Германія і ЗША — не адзіныя блакіроўшчыкі запрашэння. Венгрыя і Славакія таксама супраціўляюцца. Іх цяперашнія папулісцкія лідары займаюць у цэлым пракрамлёўскую пазіцыю: прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан заблакаваў сродкі ЕС на ўзбраенне Украіны.
У сваім пасце Орбан назваў план перамогі Зяленскага «больш чым жахлівым».
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца раней у гэтым месяцы папярэдзіў, што ўступленне Украіны ў НАТА «стане добрай асновай для трэцяй сусветнай вайны», і паабяцаў, што «ніколі не пагодзіцца» на гэта.
Ёсць і іншыя краіны, якія не імкнуцца хутка рухацца насустрач Кіеву, а здавольваюцца тым, што хаваюцца ў цені.
«Такія краіны, як Бельгія, Славенія або Іспанія, хаваюцца за спінамі ЗША і Германіі. Яны не хочуць», — сказаў адзін з чыноўнікаў НАТА. Другі чыноўнік сказаў, што краіны «падтрымліваюць гэтую ідэю абстрактна», але як толькі яна наблізіцца да матэрыялізацыі, яны пачнуць выступаць супраць яе больш публічна.
17 кастрычніка Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заявіў, што Украіна далучыцца да альянсу як яго 33-ці або 34-ы член у будучыні.