У Польшчы раскрылі сетку па дастаўцы мігрантаў у Еўрасаюз праз Беларусь

Буйную злачынную групоўку, якая займалася дастаўкай мігрантаў з Беларусі і Расіі ў Еўрасаюз, выявілі пры садзейнічанні Еўрапейскага паліцэйскага агенцтва Еўрапол.

24.10.2024 / 16:09

Фота: podlaski.strazgraniczna.pl

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Еўрапола, у расследаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі васьмі краін. Членамі крымінальнай сеткі з'яўляліся палякі і грамадзяне Украіны, Беларусі, Расіі ды Грузіі, якія жывуць у Польшчы і іншых краінах ЕС.

У ходзе аперацыі затрымана 11 падазраваных, падчас ператрусаў канфіскавана электроннае абсталяванне і каля 80 тысяч злотых (€18,5 тысячы) наяўнымі.

Мігранты з Афганістана, Егіпта, Ірана, Ірака і Сірыі легальна прыязджалі ў Беларусь непасрэдна ці праз Расію. Затым іх адвозілі на беларуска-польскую мяжу, якую яны незаконна перасякалі. Ужо на тэрыторыі Польшчы людзей забіралі і дастаўлялі на легкавых аўтамабілях у іншыя краіны Еўрасаюза, у асноўным у Германію.

Кантрабандысты бралі з мігрантаў па пяць тысяч еўра, пасля яны аддавалі яшчэ па €500 кіроўцам у Польшчы за дастаўку ў канчатковы пункт прызначэння, паведамляе Еўрапол.

Уязджаюць з 49 краін. Памежная служба Польшчы апісала нелегальную міграцыю на мяжы з Беларуссю

Урад Польшчы ўхваліў стратэгію супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі. Сталі вядомыя новыя дэталі

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы

За што беларусаў могуць дэпартаваць з Польшчы? Тлумачыць польская памежная служба

Nashaniva.com