Пазняк заклікаў байкатаваць выбары 26 студзеня
У заяве руху «Вольная Беларусь» гаворыцца, што галоўная мэта прэзідэнцкай кампаніі, якую абвясцілі ўлады — «аднавіць уласную легітымнасць і прымусіць людзей прыняць новую палітычную рэчаіснасць у Беларусі».
26.10.2024 / 14:38
«Антынацыянальны рэжым Лукашэнкі прызначыў чарговыя «выбары прэзідэнта» на 26 студзеня 2025 года. Галоўная мэта гэтай кампаніі — аднавіць уласную легітымнасць і прымусіць людзей прыняць новую палітычную рэчаіснасць у Беларусі. Пры гэтым кампанія будзе праходзіць ва ўмовах палітычнага тэрору, рэпрэсій, агульнага вынішчэння грамадзянскай супольнасці і разбурэння інстытуту выбараў як такога. Беларускае грамадства на сённяшні дзень не мае ніякіх прававых і палітычных магчымасцяў выказаць сваё адмоўнае стаўленне да Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве.
У руху зазначаюць, што для дасягнення задачы па стварэнні ілюзіі шырокай падтрымкі Лукашэнкі пануючая ўлада будзе выкарыстоўваць усе метады, як сілавыя, так і палітычныя, а выбарчыя камісіі будуць цалкам ананімныя і сфармаваныя з адданых існуючаму ладу людзей, а беларускае грамадства не будзе мець ніякіх магчымасцяў назіраць за ходам галасавання.
«У бягучых абставінах патрэбны вынік галасавання для Лукашэнкі гарантаваны. Галоўнае, што рэжыму неабходна дасягнуць падчас квазівыбараў, — гэта абсалютная паслухмянасць грамадства і ягоны ўдзел у галасаванні».
«Галоўнае, што трэба было б рабіць беларусам — не ісці на выбарчыя ўчасткі і не галасаваць на псеўдавыбарах дыктатуры», — перакананыя ў «Вольнай Беларусі».
Наступнай формай супраціву там назвалі выяўленне інфармацыі пра арганізатараў «выбарчага падману», сябраў камісіі як саўдзельнікаў у палітычным злачынстве і публікацыю звестак пра іх у адкрытым доступе.
Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе
Кныровіч патлумачыў, чаму лепш галасаваць на выбарах за Гайдукевіча, чым за Лукашэнку
Стала вядома, хто ўзначаліў ініцыятыўную групу Лукашэнкі