Як Лукашэнка сам сабе забараніў балатавацца

Унесеныя ў Канстытуцыі папраўкі настолькі непісьменныя, што фармальна забараняюць яму ісці на новы тэрмін. Сачыце за рукамі.

30.10.2024 / 21:04

Пасля выбараў 2020 года ўлады вырашылі сур'ёзна абмежаваць спіс асоб, якія патэнцыйна могуць стаць кандыдатамі ў прэзідэнты. Для гэтага, у прыватнасці, дадалі ў Канстытуцыю наступную фармулёўку:

«Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віда на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі».

Тлумачэння наконт таго, што такое «замежная дзяржава», няма. Калі лічыць, што гэта любая дзяржава, апроч Рэспублікі Беларусь, то робіцца нявызначаным статус савецкіх дакументаў. Да 1991 года Рэспублікі Беларусь не існавала, таму цяперашнія грамадзяне Беларусі мелі пашпарты грамадзян СССР.

Але перадусім варта звярнуць увагу на працяг фармулёўкі:

«або іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі».

Рэч у тым, што акрамя пашпартоў, дазволаў на жыхарства, дакументаў кшталту карты паляка і іншых пасведчанняў асобы льготы даюць дзяржаўныя ўзнагароды і ганаровыя званні.

У Аляксандра Лукашэнкі іх шмат:

Да кожнага такога ўзнагароджання выдаецца як мінімум адзін дакумент: загад ці ўказ аб узнагароджанні. Таксама разам з самім ордэнам часта ідзе папяровае пасведчанне або дакумент з нумарам ордэна ці медалі.

Разгледзім для прыкладу некалькі ўзнагарод:

Таксама Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Ерэвана: па законе для іх таксама прадугледжваюцца льготы.

Такім чынам само прысваенне звання ганаровага грамадзяніна Ерэвана прыводзіць да ўзнікнення права на льготы, не важна нават іх фактычная наяўнасць.

Зрэшты, гэта як з умоўнай картай паляка — на тэрыторыі Беларусі яна не дае ніякіх пераваг, затое дае льготы ў Польшчы. І нават калі ты ні разу ў жыцці не купляў у Польшчы чыгуначны квіток са зніжкай, быць прэзідэнтам Беларусі ты ўжо не можаш. Прычым адмова ад дакумента не змяняе сітуацыю — ён у цябе быў, а гэта аўтаматам стварае забарону балаватацца.

Мы праверылі не ўсе ўзнагароды Лукашэнкі, прывялі толькі відавочныя факты. Але нават узнагароды, якая дае льготны праезд у Растове-на-Доне, дастаткова для страты пасіўнага выбарчага права ў Беларусі.

Атрымліваецца, што, ускладніўшы выбарчае заканадаўства, Аляксандр Лукашэнка ўласнаручна падпісаў сабе тэарэтычную немагчымасць быць абраным у 2025 годзе.

Nashaniva.com