У Беларусі крыху памянялі правілы ўліку дронаў

Выйшла ўрадавая пастанова, якая крыху карэктуе нюансы ўліку грамадзянскіх беспілотнікаў. Яна апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.

26.10.2024 / 18:30

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

За пастаноўку беспілотніка на ўлік адказвае Дэпартамент па авіяцыі. Прайсці ўсю працэдуру можна бясплатна. Дэпартамент разгледзіць заяву аб пастаноўцы на ўлік і паведаміць пра рашэнне на працягу пятнаццаці дзён.

Заяву аб пастаноўцы на ўлік могуць не прыняць, калі пададзеныя няпоўныя або недакладныя звесткі ці несапраўдныя дакументы.

Ставіць на дзяржулік у Беларусі не трэба тыя беспілотнікі, якія ўжо знаходзяцца на дзяржуліку ў іншай краіне ці прайшлі падобную працэдуру.

Адмовіць у пастаноўцы на ўлік могуць, калі беспілотнік не адпавядае міжнародным стандартам, а таксама ў тым выпадку, калі пра чалавека, які хоча паставіць дрон на ўлік, ёсць звесткі, што ён учыніў дзеянні, якія ствараюць пагрозу нацбяспецы.

Здымаць грамадзянскія беспілотнікі з дзяржаўнага ўліку таксама будзе Дэпартамент па авіяцыі. Плаціць за гэта не прыйдзецца.

Летась у Беларусі быў падпісаны ўказ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». У дакуменце сказана, што фізічныя асобы не могуць увозіць у Беларусь, выкарыстоўваць, вырабляць і захоўваць тут беспілотнікі.

Жыхары Гомельшчыны напісалі петыцыю да ўладаў з просьбай абараніць ад БПЛА

«Часам вы бачыце ў небе нейкія аб'екты». Прапаганда спрабуе апраўдацца, чаму нічога не піша пра «шахеды»

Абмежаванні супраць дронаў тармозяць лазерную археалогію ў Беларусі

Nashaniva.com