Гэтай ноччу ўпершыню ў гісторыі НХЛ згуляе беларускі брамнік
Аляксей Коласаў трапіў у стартавы склад «Філадэльфіі» на матч з «Манрэалем».
28.10.2024 / 00:19
Аляксей Коласаў. Фота: hcdinamo.by
Для беларускага брамніка гэта будзе дэбют у рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. Матч адбудзецца ў Філадэльфіі і пачнецца ў 2:00 па беларускім часе.
Коласаву 22 гады, ён выхаванец школы мінскага «Дынама». У 2021 годзе «Філадэльфія» выбрала яго на драфце ў 3-м раундзе пад агульным 78-м нумарам. У ліпені 2023 года Коласаў падпісаў трохгадовы кантракт з клубам НХЛ, але яго на год пакінулі ў мінскім «Дынама», дзе ён быў асноўным брамнікам. Вясной, калі сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе завяршыўся, Аляксей нават паехаў у Паўночную Амерыку і паспеў згуляць за фарм-клуб у другой па моцы лізе АХЛ.
Улетку брамнік вярнуўся на радзіму, а перад пачаткам новага сезону стварыў цэлую эпапею вакол свайго вяртання ці невяртання ў ЗША. СМІ паведамлялі, што беларус быў нешчаслівы ў Філадэльфіі, не здолеў уліцца ў каманду, таму хацеў застацца ў звыклым для яго «Дынама». Коласаў нібыта праспаў рэйс у Філадэльфію, а пасля нават змяніў агента, каб той дапамог яму вырашыць пытанне з кантрактам у НХЛ.
Аднак, пасля месяцаў чутак і каментарыяў, Коласаў усё ж паехаў у ЗША, узяў удзел у трэніровачным лагеры і пачаў гуляць за фарм-клуб «Філадэльфіі». Паўночнаамерыканскія інсайдары кажуць, што беларус прыехаў з адной умовай: калі ў яго не ўдасца замацавацца ў НХЛ, клуб адпусціць яго на радзіму ў арэнду. Статыстыка Аляксея ў АХЛ не вельмі ўражвае — ён адбівае толькі 87,5% кідкоў. Аднак Коласаву дапамагла катастрофа ў асноўнай камандзе.
«Філадэльфія» на старце сезона пацярпела шэсць параз у васьмі матчах і ўпэўнена замыкае табліцу Усходняй канферэнцыі. Не апошнюю ролю ў гэтым правале сыграў расійскі брамнік Іван Фядотаў — ён у трох матчах прапусціў лёгкія шайбы і выклікаў незадаволенасць трэнераў і заўзятараў. Асноўны брамнік «Лётчыкаў» швед Самуэль Эрсан таксама пакуль не ўзор надзейнасці. Усё гэта адкрыла дарогу да дэбюту для беларуса.
Коласаў стане першым беларускім брамнікам у гісторыі, які правядзе матч у наймацнейшай лізе свету.