Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект
Але на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах сітуацыя выглядае па-рознаму.
28.10.2024 / 12:03
Пра сітуацыю на рынку працы разважае ў аглядзе акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.
У Беларусі цяпер адчуваецца недахоп працоўнай сілы — на сайце дзяржаўнай службы занятасці 170 тысяч вакансій (пра прычыны «Наша Ніва» падрабязней пісала тут). Гэта вымушае кампаніі падымаць заробкі, каб прыцягнуць работнікаў. Дастаткова высокі ўзровень заробкаў павялічвае выдаткі прадпрыемстваў. У нармальных умовах гэта прывяло б да росту інфляцыі, аднак у Беларусі гэтага не адбываецца з-за адміністрацыйнага кантролю цэн.
Але ёсць нечаканы пабочны эфект недахопу спецыялістаў — у дзяржсектары вырасла прадукцыйнасць працы. Раней там была празмерная занятасць, а цяпер працоўныя рэсурсы выкарыстоўваюцца больш рацыянальна.
У прыватным бізнэсе, дзе прадукцыйнасць працы традыцыйна вышэйшая, наадварот назіраецца яе зніжэнне. Гэта шмат у чым звязана з недахопам кваліфікаваных работнікаў. Ва ўмовах абмежаванага выбару сярод кандыдатаў, кампаніі вымушаныя наймаць менш дасведчаных спецыялістаў.
Леў Львоўскі. Фота: «Наша Ніва»
Тым не менш кадравы голад можа быць нядрэнным узрушэннем, якое прывядзе да павышэння эфектыўнасці працы ў доўгатэрміновай перспектыве, лічыць Львоўскі. Часта, калі ў краінах не хапае кадраў, прадпрыемствы пачынаюць укараняць працазберагальныя тэхналогіі. Асабліва калі ў прадпрыемстваў ёсць грошы на новыя інвестыцыі.
Ці адбудзецца гэта ў Беларусі, будзе залежаць ад шматлікіх фактараў. Пакуль у нас аб'ём інвестыцый застаецца на параўнальна невысокім узроўні. Гэта можа быць звязана з тым, што прадпрыемствы не лічаць, што павышаны попыт працягнецца доўга.
Што рабіць?
У тэорыі — прыцягваць імігрантаў, вяртаць эмігрантаў, больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя працоўныя рэсурсы і стымуляваць нараджальнасць (але эфект ад апошняга варыянту прыходзіць праз дзесяцігоддзі).
Але каб рэалізаваць такія меры, трэба змены не эканамічныя, а палітычныя. Бо кваліфікаваныя працоўныя мігранты могуць баяцца прыязджаць, а беларусы, якія з'ехалі за мяжу, хацелі б мець гарантыі бяспекі па вяртанні.
Што з мер тады даступна? Эканаміст лічыць, што цяпер недаацэньваюцца многія чалавечыя рэсурсы ўнутры Беларусі. Ёсць людзі, чыю працу можна было б выкарыстоўваць больш рацыянальна. Напрыклад, розныя дыскрымінаваныя групы. Гэта прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, жанчыны, людзі старэйшага ўзросту. Ёсць таксама дыскрымінацыя па палітычных матывах, па статусе інваліднасці.
Іншы крок, які бачыць Львоўскі, — скараціць працягласць аплатнага дэкрэтнага адпачынку (пры ўмове, што будзе неабходная інфраструктура для падтрымкі сем'яў, у тым ліку павелічэнне колькасці ясляў).
Яшчэ адна прапанова — падняць пенсійны ўзрост для жанчын, каб ён быў аднолькавым з мужчынскім.
«Хоць такія меры звычайна не карыстаюцца шырокай папулярнасцю, у доўгатэрміновай перспектыве іх рэалізацыя непазбежная», — разважае Леў Львоўскі.
Рашэнні могуць уключаць пераразмеркаванне работнікаў паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі.
Мноства дзяржаўных прадпрыемстваў хранічна стратныя, але падтрымліваюцца за кошт крэдытаў і бюджэтных субсідый. Мэтазгодна было б работнікаў з менш прадукцыйных сектараў эканомікі перавесці ў больш эфектыўныя, дапамагчы ім з перакваліфікацыяй і адаптацыяй да новых умоў.