«Трэба будзе скакаць вышэй!» — Лукашэнка агучыў «галоўнае абяцанне» народу перад выбарамі
Пра гэта ён сказаў на нарадзе па АПК.
29.10.2024 / 12:15
Фота: Sergei Ilnitsky Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка падчас даклада аб эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу агучыў галоўную задачу і абяцанне беларускім грамадзянам у перадвыбарчы перыяд, піша БелТА.
«Ідучы да людзей сёння з экзаменам (яны ў нас прымуць экзамен за пяцігодку), мы павінны сказаць, што мы зробім. Канкрэтна. Вось і ўся палітыка. А прыгожа гаварыць мы ўсе ўмеем. У нас, напэўна, дзясяткаў пяць (чалавек), якія прыгожа могуць прэзентаваць, нешта сказаць. Гэта трэба ўмець палітыку, будучаму прэзідэнту. Але галоўнае — гэта канкрэтныя справы: што ты зробіш», — падкрэсліў Лукашэнка.
Разважаючы пра пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ўжо шмат зроблена, набыты досвед, але важна вызначыцца з далейшымі крокамі.
Ён таксама звярнуў увагу, што якасць айчынных прадуктаў харчавання цэніцца і за мяжой, і нават кіраўнікі дзяржаў часам просяць яго прыслаць што-небудзь на пробу.
«Таму мы навучыліся гэта рабіць. Але пакуль мы выйшлі на нейкую гарызантальную прамую і вышэй скакаць не можам. А трэба будзе скакаць. І гэта наша галоўная задача і абяцанне беларускім грамадзянам у гэты перадвыбарчы перыяд», — заявіў Лукашэнка.