Прапагандысты элегантна абверглі «фэйк» аб нізкім заробку жывёлавода
Жывёлавод са Жлобіна ў тыктоку паказала разлікоўку. Відэа ўзяўся абвяргаць новы прапагандысцкі канал.
29.10.2024 / 14:49
Скрыншот відэа
У разлікоўцы, што паказала дзяўчына, гаворыцца, што жывёлавод за 25 працоўных дзён атрымаў фактычна мінімальную зарплату — 500 рублёў.
Ролік апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам». Абвяргаць паведамленне ўзяўся новы праўладны канал «Народны антыфэйк», які абяцае «развенчваць міфы, укідванні, фэйкі і дэзы».
На гэты раз, узяўшыся абвяргаць «фэйк» аб нізкіх заробках жывёлаводаў, канал паказаў, што сітуацыя яшчэ горшая.
Аўтар паста прызнаў, што ў відэа паказаны рэальны разліковы ліст за верасень 2024 года. Аднак ён, па яго словах, належыць не дзяўчыне, а жывёлаводу прадпрыемства «Стэпы». «Антыфэйк» сцвярджае, што заробак у мужчыны здзельны і разлічваецца за прыбаўленне жывёлы ў вазе. Паведамляецца, што ў верасні жывёла прыбаўлення ў вазе не паказала, таму работніку налічылі мінімальную зарплату — 437 рублёў.
Але аказалася, што нават гэтых грошай жывёлавод не атрымаў.
«Таксама зроблены ўтрыманні: 150,93 руб. за выдачу мясапрадуктаў; 210,93 руб. — штомесячны вылік за дапушчаны падзёж быдла з траўня 2023 па чэрвень 2024 г.; падаткі, прафузносы, пенсійны фонд. Да выдачы: 277,75 руб.», — піша прапагандысцкі канал.
Такім чынам, жывёлавод за поўны працоўны месяц атрымаў 277,75 рубля — гэта менш за 100 долараў. То-бок, сітуацыя з заробкам гэтага супрацоўніка куды горшая, чым распавяла дзяўчына ў відэа, якое прапагандысты «паспяхова абверглі».