Ніна Багінская прайшла з плакатам «БНФ» па цэнтры Мінска
Вядомая грамадская актывістка можа ў хуткім часе паўстаць перад судом.
29.10.2024 / 14:44
Фота: «Белсат»
Увечары 19 кастрычніка на вуліцу Казлова ў Менску Ніна Багінская выйшла з плакатам з надпісам «БНФ», піша «Белсат».
Менавіта ў той дзень 36 гадоў таму быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту.
Спадарыня Багінская мела намер дайсці да будынку, на першым паверсе якога некалькі гадоў запар месцілася Управа партыі БНФ — самай масавай партыі канца 80-х і пачатку 2000-х гадоў. Актывістка хацела нагадаць грамадству, што менавіта з Беларускага народнага фронту пачаўся сучасны апазіцыйны рух у Беларусі. Некалькі гадоў запар у офісе партыі і на вуліцы каля яго штодня збіраліся людзі самых розных прафесій, каб абмеркаваць падзеі, падрыхтаваць правядзенне акцый ці папросту набыць газеты, часопісы або кнігі.
Сілавікі затрымалі Ніну Багінскую на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Жанчыну прывезлі ва Упраўленне ўнутраных спраў Савецкага раёна сталіцы.
Там міліцыянт адзеў ёй кайданкі, прычым рукі завярнуў за спіну, як небяспечнай злачынцы. Ніна Багінская мае праблемы з плячом і яна папрасіла, каб, калі ўжо міліцыянты бачаць такую неабходнасць, то хаця б далі магчымасць трымаць рукі спераду. Але тыя праігнаравалі ўзрост жанчыны і яе фізічны стан. Спадарыня Багінская адмовілася чытаць і падпісваць пратакол. Яе трымалі ў РУУС у кайданках амаль тры гадзіны і адпусцілі да суду толькі каля 10-й вечара.
Дата суду пакуль невядомая. Практыка апошніх трох гадоў сведчыць аб тым, што звычайна позвы міліцыянты не дасылаюць поштай, а затрымліваюць людзей дома ці на працы.
Хутчэй за ўсё Ніну Багінскую могуць пакараць чарговым штрафам. Жанчына ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года з вялікім нацыянальным сцягам. Яна стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў Беларусі. Яе штрафавалі столькі разоў, што сума штрафаў перавышае як мінімум 20 тысяч даляраў.