Данія выдаткуе 700 000 еўра на падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі і іх сем’яў

Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Ісландыю, асноўная мэта якога — удзел у 76-й сесіі Паўночнай Рады.

29.10.2024 / 15:02

Фота: ОСЦ

Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Ісландыю, асноўная мэта якога — удзел у 76-й сесіі Паўночнай Рады, паведамляе яе прэс-служба.

У арганізацыю ўваходзяць Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія і Швецыя, а таксама Грэнландыя, Фарэрскія і Аландскія астравы. Галоўная задача Паўночнай Рады — садзейнічаць палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж паўночнымі краінамі і іх парламентамі.

 

Акрамя ўдзелу ў пасяджэннях сесіі, беларуская лідарка сустрэнецца з міністрам замежных справаў Даніі Ларсам Лёке Расмусенам.

Напярэдадні перамоваў з Ціханоўскай паўночныя краіны пацвердзілі падтрымку «Міжнароднага гуманітарнага фонду» дапамогі беларускім палітвязням. У прыватнасці, міністр Расмусен адзначыў: Данія выдаткуе ў 2024 годзе 5 мільёнаў дацкіх кронаў для фонду (700 тысяч еўра). 

«Мы вельмі ўдзячныя Даніі і ўсім паўночным краінам за салідарнасць і падтрымку. Сёння тысячы людзей знаходзяцца за кратамі, тысячы рэпрэсаваных і іх сем’яў патрабуюць дапамогі, рэабілітацыі і лекавання. Вашая салідарнасць дае надзею, энергію, а галоўнае — упэўненасць, што мы не застанемся сам-насам са сваёй бядой. Дзякуй», — сказала Святлана Ціханоўская.

Раней Міжнародны гуманітарны фонд падтрымалі Нарвегія і Швецыя. За гэты год удалося сабраць больш за 2 мільёны еўра ў падтрымку фонду.

Nashaniva.com