Даступныя крэдыты і сельгастэхніка робяць украінскую сельскую гаспадарку паспяховай
Нягледзячы на вайну, сярэдняя ўраджайнасць збожжа ў 2022-м годзе склала 45,8 цэнтнераў з гектара, у 2023-м — 54,7, гістарычны рэкорд.
03.11.2024 / 18:46
Фермер ў Вініцкай вобласці збірае ўраджай. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky
Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ў нядаўнім інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» выказаў захапленне працоўным поспехам украінскіх аграрыяў, якія ва ўмовах вайны не толькі цалкам забяспечваюць краіну харчаваннем, але і прыносяць краіне валюту.
У 2022-м годзе ва ўмовах вайны Украіна сабрала 53,5 мільёна тон збожжа, у 2023 — 59,3, а ў непагодным 2024-м — 45,1 мільёна тон. І гэта прытым, што амаль пятая частка тэрыторыі краіны — пад акупацыяй.
Нагадаем, што ў 2019 годзе было сабрана 75 мільёнаў тон, у 2020-м — 64 мільёна, а 2021 год з 85 мільёнамі тон стаў самым ураджайным за ўсю гісторыю Украіны.
Абломак ракеты на краі поля. Харкаўская вобласць. красавік 2024. Фота: AP Photo / Andrii Marienko
Страціўшы ў 2022 годзе чвэрць пасяўных плошчаў аграрны сектар Украіны, захаваў высокую прадукцыйнасць працы.
Сярэдняя ўраджайнасць збожжа ў 2022-м годзе склала 45,8 цэнтнераў з гектара, у 2023-м — 54,7, гістарычны рэкорд. За гэты год пакуль інфармацыі няма.
Такая ўраджайнасць значна перавышае паказчыкі савецкіх часоў. Самай высокай яна тады была ў 1989-м годзе — 33,5 цэнтнераў з гектара.
Што дапамагае трымацца аграрнаму сектару эканомікі ў ваенных умовах? Шмат у чым гэта прадуманая дзяржаўная палітыка ў аграрным сектары.
Ва Украіне дзейнічае дзяржаўная праграма «Даступныя крэдыты 5-7-9». Праграма спрашчае доступ мікра– і малога бізнесу да банкаўскага крэдытавання. Аграрыі могуць атрымаць крэдыт да 90 мільёнаў грывень. Крэдытаванне выдаецца пад 5—9% гадавых у залежнасці ад крэдытнай катэгорыі і суб'екта гаспадарання. Праграма падтрымліваецца Сусветным банкам.
За гэты год фінансавую падтрымку па гэтай праграме атрымалі амаль 7300 сельгаспрадпрыемстваў на суму больш за 37,4 мільярда грыўняў. Яшчэ амаль 8500 атрымалі крэдытаванне з іншых крыніц.
Для прыцягнення дадатковых фінансавых рэсурсаў аграрыі Украіны выкарыстоўваюць механізм аграрных распісак, якія дазваляюць сельгасвытворцам выкарыстоўваць пад заставу будучага ўраджаю атрымаць доступ да крэдытных рэсурсаў на больш выгадных умовах.
Па праграме «Зроблена ў Украіне» аграрыі атрымліваюць кампенсацыі за набытую сельгастэхніку і абсталяванне ўкраінскай вытворчасці. Цяпер у рэестры ўжо 133 вытворцы і амаль 11 800 адзінак тэхнікі і абсталявання. Усяго ў праграме ўжо ўзялі ўдзел больш за 1700 аграрыяў, якія набылі ўкраінскую тэхніку амаль на 1,9 мільярдаў грывень.
Праўда, для Украіны актуальнай застаецца праблема экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. Праўда, у гэтым годзе сітуацыя істотна палепшала. У студзені-верасні 2024 года краіна змагла экспартаваць 48,9 мільёнаў тон сельгаспрадукцыі, што на 25,4% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Асноўнай прычынай гэтага росту стала аднаўленне марскога экспарту, доля якога дасягнула 89% ад агульнага аб'ёму.
У Расіі назіраюцца праблемы з маслам
Што ў беларускай эканоміцы добра, а што можа выбухнуць? Адказвае эканаміст
Свет на парозе непазбежнага глабальнага даўгавога крызісу: як гэта пагражае разбурыць нашу будучыню?
Транзіт збожжа з Беларусі і Расіі праз Літву рэзка павялічыўся