Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары

Сёння стала вядома, што галоўны ідэолаг Мінска Вольга Чамаданава будзе спарынг-партнёркай Лукашэнкі на чарговых выбарах. Гэта нечаканасць. Можа так стацца, што яе вылучылі проста для таго, каб яна ўрэшце знялася на ягоную карысць. Тым не менш, гэта ўсё адно знак вялікага даверу сістэмы да яе. Згадваем, чым адзначылася гэтая міліцыянтка.

30.10.2024 / 22:43

Вольга Чамаданава. Фота з яе інстаграма

Магла стаць настаўніцай, але пайшла ў міліцыю

Вольга Чамаданава, у дзявоцтве Прыстром, нарадзілася ў Астрашыцкім Гарадку ў 1977 годзе ў простай сям'і. Дзяцей у бацькоў Вольгі было трое (яна старэйшая), а грошай увесь час не хапала. У адным з інтэрв'ю жанчына расказвала, што ў сям'і не было фінансаў для таго, каб купіць ёй баян — а яна хацела займацца музыкай. У выніку дзіцяці давялося зарабляць на музычны інструмент самастойна. Вольга кажа, што выконвала пасільную працу ў калгасах.

У 1999 годзе скончыла БДУ па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». Лагічны далейшы шлях з такой адукацыяй — пайсці працаваць настаўніцай. Яна нават прайшла практыку ў Ліцэі БДУ, але зразумела, што вучыць дзяцей — гэта не яе.

Але ж Вольга праз пару месяцаў пасля атрымання дыплома працаўладкавалася ў міліцыю. Яе ўзялі ўчастковым інспектарам па справах непаўналетніх у Бараўлянскі аддзел.

Дзякуючы гэтаму Вольга не толькі прыстроіла працоўную кніжку, але і атрымала штамп у пашпарце. Бо на працы яна пазнаёмілася са сваім мужам, цяпер ужо палкоўнікам міліцыі Дзянісам Чамаданавым, высокапастаўленым супрацоўнікам ГУБАЗіКа. У шлюбе нарадзілася двое дзяцей.

@nashaniva Міліцыянтка і ідэолаг Вольга Чамаданава ідзе на выбары. Хто яна? #лукашенко #выборы2025 #белорусы #минсксейчас #беларусьновости ♬ Directed by Leena Kilevaya - Студия Феникс

Пайшла на павышэнне дзякуючы помніку гарадавому

Атрымаць павышэнне Вольга змагла выпадкова. Нягледзячы на тое, што ў інспекцыі па справах непаўналетніх яе лічылі старанным супрацоўнікам, яе асабліва не прасоўвалі па кар’ернай лесвіцы. 12 гадоў жанчына ўзначальвала інспекцыю па справах непаўналетніх Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама.

Фота: БелТА

Стаць прэс-сакратаркай МУС Чамаданавай дапамагла чужая памылка і помнік гарадавому. Памятаеце гісторыю з падлеткам, які даў поўху помніку, а потым быў вымушаны выбачацца на камеру? Гэта цяпер такімі відэа наўрад ці здзівіш каго, а ў 2018 годзе той ролік выклікаў хвалю абурэння.

Тагачасны міністр Ігар Шуневіч, хоць потым і распавядаў, што ідэя з выбачэннем на камеру належала яму, звольніў прэс-сакратара Георгія Еўчара.

Чаргі з ахвотных заняць вольную пасаду не было ні сярод супрацоўнікаў, ні сярод ідэолагаў. Таму і ўспомнілі пра актыўную Чамаданаву з раённай міліцыі. Зрэшты, да публічнай ідэалогіі і медыя яна ўжо мела некаторае дачыненне: у 2011-м атрымала дыплом за «найлепшы карпункт» у конкурсе МУС на найлепшы матэрыял у СМІ па асвятленні дзейнасці міністэрства. 

Распаўсюджвала фэйк пра забойства Тарайкоўскага

Пасля выбараў у 2020 годзе ў першыя дні сілавога ціску Чамаданава нават абяцала журналістам прэс-канферэнцыю з міністрам наконт таго, як сябе паводзілі сілавікі падчас разгону пратэстаў. Але абяцанні не выканала. Ні адной прэс-канферэнцыі з міністрам унутраных спраў пасля жніўня 2020 года не было.

Менавіта пры Чамаданавай у тэлеграм-каналах сілавых структур (а іх было створана досыць шмат) сталі з'яўляцца відэа «прызнанняў» і «раскайванняў». Таксама пры ёй прапагандысты пачалі праводзіць амаль што допыты затрыманых на акцыях пратэсту. 

Адказвала ў той час Вольга і за тэлеграм-канал МУС. У дзень смерці Аляксандра Тарайкоўскага там апублікавалі інфармацыю, што пратэстовец загінуў, бо нібыта спрабаваў кінуць у спецназаўцаў выбухоўку, якая разарвалася ў яго руках.

Але хутка з'явілася відэа моманту смерці Тарайкоўскага, на якім было бачна, што ў ягонай руцэ не было ніякай выбухоўкі. Родзічы пасля таксама абверглі гэту інфармацыю ад МУС.

Калі праўда выплыла, старую навіну не выдалілі. 

«Маральна пакутавала» на 5 тысяч рублёў

У тым жа 2020 годзе Вольга падала ў суд за каментарый, які ёй не спадабаўся. Яна палічыла, што 43-гадовы мужчына напісаў нешта «ў непрыстойнай і грубай форме пра пасаду і пагоны».

Свае «маральныя пакуты» ад чытання таго самага каментарыя Вольга ацаніла ажно ў 5 тысяч рублёў. Суд даў мужчыну два гады хатняй хіміі і абавязаў выплаціць Чамаданавай грошы. Прэс-сакратарка заявіла, што аддала іх у дзіцячы дом.

Стала гераіняй зліваў

Некалькі гадоў таму ў сеціве з’явіўся аўдыязапіс, у якім галасы падобныя да тагачасных намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Падвойскага і першага намесніка начальніка УУС Мінаблвыканкама Віталя Казлова, абмяркоўваюць прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву і яе паводзіны. Паведамлялася, што размова адбылася 2 ліпеня 2020 года.

«Учора ж у міністра быў, я табе казаў? (…) П**ды атрымліваў. Ну так, бл***, ролік адзін выкладзены быў. Чамаданіха, у**** лясное, бл***, знайшла. Пайшла, усё перакруціла, бл***», — кажа першы голас, падобны на Падвойскага.

«Бл***, яна думае, што ў яе 9 жыццяў, як у ката, бл***, нах***», — адказвае другі, падобны да голаса Віталя Казлова.

У хуткім часе пасля таго зліву Чамаданава пакінула пасаду прэс-сакратаркі МУС. Яе перавялі на цывільную работу — начальніцай упраўлення па ідэалогіі і справах моладзі Мінскага гарвыканкама. 

Журналісты дзяржаўных СМІ кажуць пра татальны кантроль з боку Чамаданавай. Тая любіла ўмешвацца ў іх працу і казаць, аб чым і як трэба пісаць. «Кажучы па-простаму, выносіла мозг усім», — дзеляцца сураўмоўцы.

Вольга Чамаданава з дачкой Лізаветай

Дачка — актывістка БРСМ і ўдзельніца прапагандысцкіх шоу

Дачка Чамаданавай Лізавета вучыцца на юрфаку. Спачатку яе абралі першым сакратаром БСРМ юрыдычнага факультэта БДУ, а ў хуткім часе дзяўчына стала другой сакратаркай Першамайскага раённага камітэта БРСМ.

Здаецца, маці можа ганарыцца дачкой: Ліза актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах пад чырвона-зялёным сцягам, а таксама віншуе падпісчыкаў свайго інстаграма з усімі дзяржаўнымі святамі.

Дзяўчына любіць пастраляць і часам практыкуецца ў гэтым разам з маці. Яшчэ адно іх супольнае «хобі» — удзел у прапагандысцкіх шоу. Напрыклад, Вольга і Лізавета разам хадзілі на ток-шоу «ДаНо», якое вядзе Рыгор Азаронак, каб пагутарыць пра канфлікт пакаленняў.

Дзяўчына запэўніла, што і ў іх сям'і ёсць канфлікт пакаленняў. «Ёсць меркаванні, па якіх мы разыходзімся», — сказала Лізавета. На гэта яе маці адрэагавала: «Так, мы таксама спрачаемся. Але ёсць тое, што для нас не падлягае абмеркаванню». Але ўдакладняць не стала.

Лізе таксама падабаецца творчасць Макса Каржа, якому нядаўна пагражаў ГУБАЗіК.

Дарэчы, перад тым, як стала вядома, што Чамаданава будзе спарынг-партнёрам Лукашэнкі на выбарах у 2025 годзе, Лізавета закрыла свой ідэалагічна вывераны інстаграм.

Сама ж Чамаданава любіць казаць: «Сям’я — гэта таксама ідэалогія».

Спрабавала палепшыць імідж МУС, а ў выніку закапала яго яшчэ глыбей. Што вядома пра Вольгу Чамаданаву, якая атрымала павышэнне

«Міністр кажа, спагнанне з мяне, а Гамолу з пасады зняць». У новым зліве сілавікі абмяркоўваюць прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву

Вольга Чамаданава таксама будзе спарынг-партнёрам на выбарах 

Nashaniva.com