Пенсіянер адправіў 18 тысяч рублёў дзяўчыне, а гэта аказаўся хлопец

Пажылы жыхар Мінска зарэгістраваўся на сайце знаёмстваў і трапіў у пастку.

31.10.2024 / 12:02

Фото: vecteezy / andrewangelov

Профіль на тэматычным сайце 74-гадовы мінчук завёў у маі. Там яму спадабалася адна з дзяўчат, завязалася перапіска.

Размаўлялі яны каля чатырох месяцаў. Пенсіянер купляў у суразмоўніцы інтымныя фота, пералічваў грошы за абяцанні хуткай асабістай сустрэчы і ў доўг нібыта на будаўніцтва кватэры.

Усяго мужчына здзейсніў 141 перавод на суму не менш за 18 тысяч рублёў. У нейкі момант пра гэта даведаўся яго сын: ён западозрыў нядобрае і вырашыў звярнуцца ў міліцыю.

Сілавікі ўстанавілі, што ўсе грошы пенсіянер пералічваў на балансы анлайн-гульняў і казіно, а ад імя жанчыны з ім меў зносіны 26-гадовы жыхар Заводскага раёна сталіцы.

Заведзена крымінальная справа за махлярства ў буйным памеры.

Nashaniva.com