Канапацкая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы
Палітык, якая некалі пазіцыянавалася як апазіцыйная дэпутатка, прынесла ў Цэнтрвыбаркам дакументы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.
31.10.2024 / 12:19
Ганна Канапацкая 31 кастрычніка прадставіла ў ЦВК дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яе кандыдатам у прэзідэнты.
Канапацкая ўжо балатавалася ў прэзідэнты ў 2020 годзе. Тады не было ніякіх падстаў меркаваць, што яна не сабрала патрэбных для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў, бо фактычна не збірала іх, зборшчыкаў подпісаў за яе амаль ніхто не сустракаў. Тым не менш Канапацкую зрабілі кандыдаткай у прэзідэнты і нават у выніковым пратаколе паставілі на трэцяе месца — вышэй за іншых кандыдатаў-спойлераў, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня.
Перад тым Канапацкая была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў (2016-2019) — хоць і ў тым выпадку вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя.
А пачынала палітычную кар'еру яна ў складзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Рабіла бізнэс у Заходняй Еўропе, куды выехала разам з дзецьмі.
У выпадку Канапацкай захоўваецца інтрыга, ці зарэгіструюць яе, бо, імаверна, яна мела нямецкі ДНЖ, які перашкаджае ёй стаць кандыдаткай, згодна з заканадаўствам.
Акрамя Канапацкай, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падалі: Аляксандр Лукашэнка (групу зарэгістравалі), а таксама падкантрольныя яму кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і галоўны ідэолаг Мінска Вольга Чамаданава.