Гамяльчук хацеў спаліць машыну былога мужа каханай, але ў цемры пераблытаў 

Любоўныя страсці ў Гомелі скончыліся крымінальнай справай.

31.10.2024 / 13:30

Фота: Міліцыя Гомеля

37-гадовы гамяльчанін жыў з жанчынай, у якой быў былы муж. Мужчыны пастаянна канфліктавалі з-за рэўнасці і агульных пачуццяў да яе.

Аднойчы ноччу гамяльчанін выпіўшы вырашыў адпомсціць былому мужу сваёй жанчыны. Ён пайшоў на запраўку, купіў бензін і вырашыў спаліць аўтамабіль суперніка.

Мужчына падпаліў машыну і сышоў. Аднак, як высветлілася, у цемры ён пераблытаў аўтамабілі і спаліў зусім не той, які збіраўся.

Гаспадар спаленай машыны звярнуўся ў міліцыю, і сілавікі знайшлі раўнівага гамяльчаніна. Супраць яго завялі крымінальную справу па факце наўмыснага знішчэння або пашкоджання чужой маёмасці.

Nashaniva.com