Пашынян прапанаваў адмовіцца ад назвы «армянскі каньяк»

Прэм'ер-міністр Арменіі лічыць, што гэты напой варта называць брэндзі.

31.10.2024 / 17:07

Нікол Пашынян. Фота: Contributor / Getty Images 

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян на пасяджэнні ўрада паразважаў пра геаграфічную генеалогію назвы «каньяк».

Пашынян лічыць, што армянскі каньяк неабходна называць брэндзі, паколькі само слова «каньяк» пайшло ад геаграфічнай вобласці ў Францыі, піша The Armenian Time.

Палітык правёў аналогію з шампанскім.

«Мы выйшлі з культуры спажывання «Савецкага шампанскага». Аднак шампанскае — гэта не любое пеністае віно, а пеністае віно, вырабленае з вінаграда, вырашчанага ў рэгіёне Шампань. Гэтак жа сама як і каньяк — брэнд, які вырабляецца з вінаграда, атрыманага ў рэгіёне Каньяк», — заявіў Пашынян.

Ён лічыць, што гэта прысваенне чужой нематэрыяльнай каштоўнасці.

«Прысваенне чужой нематэрыяльнай каштоўнасці — несалідна. Гэта рэчы, якія на першы погляд недаступныя, але без сутыкнення з такімі пытаннямі і іх рашэння немагчыма мець сучасную эканоміку. Цяпер, напрыклад, каньяк з'яўляецца нематэрыяльнай каштоўнасцю для Францыі, і сёння краіны, якія не з'яўляюцца Францыяй, але заяўляюць: «Ведаеце, які ў нас каньяк?», выклікаюць толькі ўсмешку з боку», — мяркуе Пашынян.

Ён заклікаў Міністэрства эканомікі ўзяцца за развязанне гэтай праблемы.

Расія выявіла «масавыя парушэнні» ў армянскім каньяку пасля заяў Пашыняна аб выхадзе з АДКБ

Плюсы і мінусы матэ

Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам

Nashaniva.com