Брытанскія ультраправыя выдалі беларускі марш за свой уласны
«300 тысяч брытанскіх патрыётаў, вамі ганарыцца ўвесь гробаны заходні свет».
31.10.2024 / 23:20
«Марш новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года, у якім па розных ацэнках узялі ўдзел сотні тысяч беларусаў. Фота: Наша Ніва
У брытанскім сегменце твітара (X) пачалі распаўсюджвацца відэа антыўрадавага шэсця мясцовых ультраправых, якія незадаволеныя наяўнасцю мігрантаў (пераважна з ісламскіх краін) у Вялікабрытаніі. Самі мітынгі адбыліся 26 кастрычніка.
На адным з відэа, якое распаўсюджвалі брытанскія ультраправыя, аказаўся «Марш новай Беларусі», які ладзіўся сотнямі тысяч беларускіх пратэстоўцаў 23 жніўня 2020 года супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў.
Акаўнт ультраправых, які выклаў гэтае відэа, падпісаў яго так (перакладаем без мацюкоў).
«Якое дзівоснае відовішча — 300 тысяч брытанскіх патрыётаў. Сёння ганаруся тым, што я брытанец, як ніколі. Томі намі ганарыцца, мы сабой ганарымся. Увесь заходні свет намі ганарыцца. Выдатная праца», — піша адзін з акаўнтаў брытанскіх ультраправых.
Скрыншот публікацыі аднаго з акаўнтаў брытанскіх ультраправых у твітары (X), дзе было размешчана відэа з «Маршу новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года
Як паведамляе выданне Deutsche Welle, 26 кастрычніка некалькі тысяч прыхільнікаў брытанскага ультраправага актывіста Томі Робінсана сабраліся ў цэнтры Лондана на антыўрадавую дэманстрацыю пад назвай Unite the Kingdom («Аб'яднаць Каралеўства»).
Томі Робінсан — псеўданім зацятага антыімігранцкага актывіста, ісламафоба і былога лідара ультраправага руху «Абарончая ліга Англіі» Стывена Якслі-Ленана, які заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсці на вуліцы супраць «тыраніі» брытанскага прэм'ер-міністра Кіра Стармера. Сам 41-гадовы радыкальны актывіст павінен быў стаць галоўным прамоўцам на гэтай акцыі, аднак прысутнічаць на ёй не змог, паколькі быў затрыманы паліцыяй.
Сярод сабраных на пратэст 26 кастрычніка ў Лондане пераважалі белыя мужчыны сярэдняга ўзросту. Некалькі ўдзельнікаў акцыі прынеслі плакаты ў падтрымку экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, таксама быў заўважаны расійскі сцяг».
Ультраправы брытанскі актывіст Томі Робінсан (Стывен Якслі-Ленан) выступае перад прыхільнікамі на мітынгу 1 чэрвеня 2024 года. Фота: Guy Smallman / Getty Images
Праваабаронцы падлічылі, колькі людзей асудзілі за палітыку з 2020 года
Ультраправыя прыхільнікі Трампа актыўна ствараюць міліцыю па ўсіх штатах. Наколькі гэта сур'ёзна?