Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

«Наша Ніва» атрымала інфармацыю, што на гэтыя выхадныя сілавікі зладзілі рэйд у пасёлку Ялізава пад Асіповічамі. Колькасць ахвяр хапуна ў адным населеным пункце з 2000 жыхароў, далёкім ад эпіцэнтраў пратэсту, дае магчымасць уявіць колькасць затрыманых у маштабе краіны. 

01.11.2024 / 13:10

Ялізава. Фота: Wikimedia Commons

Адносна таго, колькі чалавек схапілі ў пасёлку шклозавода, інфармацыя разыходзіцца, але называецца лічба як мінімум 14 чалавек.

У людзей шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. 

Частка людзей застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суда. 

У Ялізаве ніколі не было ані арганізаваных структур апазіцыі, ані незалежных грамадскіх арганізацый, у пасёлку жыве вобмаль інтэлігенцыі. Гэта тыповы рабочы пасёлак Усходняй Беларусі. Тут ніколі не было значнай пратэставай актыўнасці, але ў 2020-м і тут людзі ўсталі ланцугом уздоўж шашы, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і прыцяснення народу.

Не выключана, што ў эпіцэнтрах пратэсту 2020-га працэнт затрыманых у рамках перадвыбарчай спецаперацыі можа быць яшчэ большы, чым у Ялізаве.

Апошнімі днямі інфармацыя пра аблавы і затрыманні прыходзіць з розных рэгіёнаў краіны. У «Нашай Нівы» ёсць інфармацыя пра шматлікія затрыманні 31 кастрычніка ў Мінску, Бараўлянах і Гомелі, праваабаронцы паведамлялі таксама пра ператрусы ў Смаргоні і Ваўкавыску. Раней надыходзіла інфармацыя пра хапуны па чарзе ў раёнах Мінскай вобласці, а таксама ў Гродне. Трэба меркаваць, што хваля затрыманняў коціцца з аднаго канца краіны ў другі.

Стала вядома, што супрацоўнікі КДБ з розных гарадоў узялі на ўзбраенне новую стратэгію — перад самым затрыманнем у чалавека адключаюць мабільную сувязь праз аператара.

Таму, калі мабільная сувязь рэзка знікла і няма доступу да сеткі — то з вялікай доляй імавернасці ў бліжэйшыя хвіліны да чалавека могуць прыйсці сілавікі.

Раней «Нашай Ніве» стала вядома, што перад сілавікамі пастаўленая задача «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці ў час галасавання.

Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным вобшукам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы». У «першы спіс» уваходзяць усе тыя, хто раней быў асуджаны па адміністрацыйных ці крымінальных артыкулах. У «другі спіс» уваходзяць людзі, якія раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але якія лічацца патэнцыйна нелаяльнымі, палітычна актыўнымі.

Прыходы да людзей з першага спісу мелі пачацца ўжо ўвосень — і сапраўды пачаліся. Аднак найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань—студзень — бліжэй да дня галасавання. «Каб ніхто і не піскнуў перад выбарамі», — цытуе прысутны на адной з перадвыбарчых нарад у рэгіёнах.

«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні іншы чалавек.

Акрамя таго, перад выбарамі мае адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» — гэта значыць, дэманстратыўная праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах. Мяркуючы па нашай інфармацыі, спіс такіх устаноў і заводаў ужо вызначаны.

Задача сілавікоў — каб выбары прайшлі «без найменшых інцыдэнтаў», гэта значыць, каб ніхто нават не спрабаваў вывесіць пратэставыя ўлёткі, запатрабаваць празрыстага падліку галасоў ці публічна выступіць супраць кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста. Важна каб свет ведаў пра тое, што вырабляюць з беларусамі.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

Па словах генеральнага пракурора Андрэя Шведа, толькі да кастрычніка 2023 года было заведзена больш за 16 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. За апошні год былі заведзеныя дадаткова яшчэ тысячы крымінальных спраў.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Магчыма, разгортваецца новая аперацыя зачысткі. Інфармацыя пра затрыманні прыходзіць з розных рэгіёнаў краіны

Прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек, у тым ліку японца і ўкраінцаў

Праваабаронцы паведамляюць пра ператрусы і затрыманні ў Смаргоні і Ваўкавыску

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Nashaniva.com