8 тысяч карэйцаў могуць кінуць у бой на Куршчыне «найбліжэйшымі днямі»

У Курскай вобласці Расіі знаходзіцца прыкладна 8 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія могуць быць прыцягнутыя да баявых дзеянняў супраць Украіны «найбліжэйшымі днямі», паведаміў 31 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасля сустрэчы ў Вашынгтоне міністраў абароны і замежных спраў ЗША і Паўднёвай Карэі.

31.10.2024 / 23:42

Энтані Блінкен. Фота: Nathan Howard/Pool photo via AP

«Цяпер, паводле нашых ацэнак, у Расіі агулам знаходзіцца каля 10 тысяч паўночнакарэйскіх салдат, і, паводле апошняй інфармацыі, каля 8 тысяч гэтых вайскоўцаў былі разгорнутыя ў Курскай вобласці», — заявіў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.

Ён адзначыў, што «Злучаныя Штаты пакуль не бачылі пацвярджэнняў прыцягнення вайскоўцаў КНДР да баявых дзеянняў», «але мы чакаем, што гэта адбудзецца найбліжэйшымі днямі».

Дзяржсакратар ЗША падкрэсліў, што расійская армія праводзіць трэніроўкі з паўночнакарэйскімі вайскоўцамі, у прыватнасці па выкарыстанні артылерыі, БПЛА, асноўных дзеянняў пяхоты, «што сведчыць пра прамыя намеры выкарыстоўваць гэтыя сілы ў аперацыях на лініі фронту».

Блінкен падкрэсліў — калі гэтыя войскі будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях або аперацыях баявой падтрымкі супраць Украіны, то «яны стануць законнымі вайсковымі цэлямі».

Ён таксама падкрэсліў, што адной з прычын, чаму Расія звярнулася па дапамогу да КНДР, быў адчай:

«Пуцін кідае ўсё больш расіян у мясарубку, якую ён сам зладзіў ва Украіне. Цяпер ён звяртаецца да Паўночнай Карэі, і гэта відавочная прыкмета слабасці».

Дзяржсакратар ЗША падкрэсліў, што «расійскія страты на ўсходзе Украіны складаюць штодня каля 1200 вайскоўцаў — больш, чым калі-небудзь падчас вайны. І цяпер Расія ўпершыню за 100 гадоў папрасіла дапамогі замежных войскаў».

ЗША прыгразілі зняць абмежаванні на зброю для Украіны, калі КНДР уступіць у вайну

Перабежчыкі з Паўночнай Карэі просяцца ва Украіну, каб распрапагандаваць суродзічаў па іншы бок фронту

НАТА пацвердзіла прысутнасць вайскоўцаў КНДР на Куршчыне

Пуцін не стаў адмаўляць перакіданне войскаў КНДР у Расію

Нашто Кіму лезці ва Украіну і чаму за гэтым можа стаяць Кітай?

Украіна апублікавала ВІДЭА з дзясяткамі салдат КНДР, якія атрымліваюць расійскую форму

Nashaniva.com