Аляксей Протас прызнаны першай зоркай матча «Вашынгтона»

У рамках рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) «Вашынгтон Кэпіталз» дома перайграў «Манрэаль Канадыенс» — 6:3.

01.11.2024 / 09:13

Аляксей Протас і Трэвар Ван Рымсдайк (nhl.com)

У складзе сталічнай каманды беларускі форвард Аляксей Протас гуляў на левым флангу першага звяна. Яго партнёрамі сталі Аляксандр Авечкін і Дылан Строум, піша «Беларускі хакей».

У другім перыядзе была адменена шайба Протаса ў меншасці. Беларус залез у афсайд падчас контратакі, аднак прыгожа разабраўся з брамнікам суперніка Кейдэнам Прыма.

На 45-й хвіліне Протас закінуў гол. Пасля перадачы Аляксея шайба трапіла ў клюшку суперніка і заскочыла ў браму.

На 53-й хвіліне Протас асіставаў Авечкіну на яго 858 шайбу ў рэгулярках НХЛ. Да рэкорду Уэйна Грэцкі расіяніну засталося 36 шайбаў.

У выніку Протас правёў на лёдзе 14:47, набраў 2 (1+1) балы, нанёс 2 кідкі (1 з іх міма), зрабіў 1 сілавы прыём, атрымаў 2 хвіліны штрафу, дапусціў 1 страту і зарабіў паказчык карыснасці «+2».

Ён стаў першай зоркай матча.

#CapsHabs 3 ⭐️’s of the game

⭐️: Aliaksei Protas
⭐️⭐️: Connor McMichael
⭐️⭐️⭐️: Tom Wilson#ALLCAPS pic.twitter.com/9B3Lod2nfc

— Washington Capitals (@Capitals) November 1, 2024

У сезоне ў Протаса 9 гульняў, 9 (3+6) балаў, паказчык карыснасці «+6». 

«Вашынгтон» атрымаў пятую перамогу запар на сваёй арэне. Каманда з 14 баламі ў 9 гульнях займае 4-е месца ў табліцы Усходняй канферэнцыі.

Nashaniva.com