Пры крушэнні вайсковага верталёта ў Афрыцы загінулі два беларусы
Пры крушэнні вайсковага верталёта Мі-24 у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 30 кастрычніка загінулі двое грамадзян Беларусі, а не адзін, як паведамлялася раней. Пра гэта стала вядома выданню «Позірк» з крыніц, знаёмых з сітуацыяй.
01.11.2024 / 16:26
Аэрапорт Ндола ў Кіншасе. Фота: avia.pro
Загінулы ў аварыі на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорта Ндола ў Кіншасе бартавы тэхнік Станіслаў Карэнскі, як і камандзір экіпажа Віктар Брэжнеў, з'яўляўся грамадзянінам Беларусі.
54-гадовы Карэнскі — ураджэнец пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна, а жыў ён у Наваполацку.
Пра гібель у ДРК Брэжнева, грамадзяніна Узбекістана аператара Жумабеева і бартавога тэхніка Карэнскага паведаміў 31 кастрычніка прысвечаны авіяцыі беларускі тэлеграм-канал «От винта».
Борт належаў кангалезскім ВПС, прычыны аварыі не называліся. Паведамлялася, што Брэжнеў быў прышпілены і памёр на месцы аварыі, Жумабееў і Карэнскі памерлі па дарозе ў бальніцу.
У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга пацярпеў крушэнне вайсковы верталёт Мі-24. Загінуў беларус
У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на возеры перакулілася судна. Ахвяр можа быць сотні
Пуцінскі «гандляр смерцю» вярнуўся ў бізнэс