Нерухомасць як інвестыцыя. Наколькі выгадна «бетанаваць» грошы ў Беларусі?

Нярэдка беларусы разглядаюць куплю нерухомасці як ледзь не адзіны варыянт, куды можна інвеставаць грошы, каб памножыць іх ці прынамсі захаваць. Паглядзелі, наколькі гэта выгадна.

06.11.2024 / 06:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цяпер танней, чым было 10 гадоў таму

У Беларусі былі два пікі цэн на нерухомасць.

Першы прыпаў на канец 2007 — пачатак 2008 года. Тады квадратны метр у сталіцы каштаваў крыху болей за 2000 даляраў.

У «нулявыя» нерухомасць у Беларусі даражэла. Раслі заробкі, з'явіліся больш даступныя крэдыты, курс рубля заставаўся даволі стабільным аж да 2009 года. Але пасля адбыўся сусветны фінансавы крызіс і дэвальвацыя беларускага рубля. Цэны на нерухомасць пачалі падаць.

За два гады, са студзеня 2008-га па студзень 2010-га, «квадрат» у Мінску страціў амаль 30% ад пікавага кошту.

Цана дасягнула мінімуму ў маі 2012 года — тады «квадрат» каштаваў $1260. За чатыры гады нерухомасць у сталіцы ў сярэднім патаннела на 37%.

Графік цэн на кватэры ў Мінску па прапановах з 2006 па 2022 год. Фота: скрыншот з сайта realt.by 

Новы пік і зноў падзенне

Наступны пік цэн на нерухомасць прыйшоўся на першую палову кастрычніка 2013 года, калі цана за «квадрат» у сталіцы ў сярэднім даходзіла да $1841.

Але пабіць рэкорд канца 2007 — пачатку 2008 года не ўдалося.

Цэны на нерухомасць падалі да красавіка 2016 года. Сярэдні кошт «квадрата» ў сталіцы тады складаў менш за $1200 па прапановах.

Потым сталічная нерухомасць паціху расла ў цане, пакуль не прасела пасля 2020-га.

Графік цэн на нерухомасць у Мінску з сакавіка 2019 па сакавік 2020 года. Фота: realt.by

На пачатак лістапада 2024 года сярэдняя цана «квадрата» ў Мінску па прапановах — $1658.

Нягледзячы на рост цэн за апошні час, «квадрат» у сталіцы ўсё адно каштуе танней, чым на піку ў кастрычніку 2013 года ($1841 па прапановах) і тым больш чым на піку восенню 2007 года, калі «квадрат» па прапановах каштаваў $2011.

Атрымліваецца, што «бетанаваць» грошы ў Беларусі — не вельмі выгадная справа, за выключэннем выпадкаў, калі ўдаецца набыць нерухомасць, пакуль цана на дне.

Таксама трэба разумець, што нерухомасць — гэта дарагі актыў, ад якога складана хутка пазбавіцца.

З папраўкай на інфляцыю ўсё яшчэ больш сумна

Апроч гэтага, калі разглядаць нерухомасць менавіта як сродак для захоўвання грошай, трэба не забывацца пра інфляцыю, якая пастаянна «з'ядае» сродкі.

Ілюстрацыйны здымак. Карцінка створана ШІ

Напрыклад, каб проста нічога не згубіць на кватэры, набытай у 2009 годзе за $100 тысяч, цяпер яе трэба прадаць за $140 тысяч.

Калі кватэру за $100 тысяч набылі ў 2014 годзе, за яе варта выручыць $126 тысяч.

Кватэру, набытую за $100 тысяч у 2019 годзе, з улікам інфляцыі цяпер трэба прадаваць за $118 тысяч.

То-бок калі вы 10 гадоў таму набылі нерухомасць за $100 тысяч, а цяпер прадаеце за $110 тысяч, то на першы погляд можа здавацца, што грошай у вас стала больш. Але насамрэч за $110 тысяч цяпер можна набыць менш тавараў ці паслуг, чым за $100 тысяч 10 гадоў таму.

Таму калі разглядаць нерухомасць менавіта як сродак для зберажэння, а не як укладанне для здачы яе ў кароткатэрміновую арэнду, то цана на кватэру мусіць расці не менш за ўзровень інфляцыі. 

Чаму пры гэтым многія беларусы хочуць «забетанаваць» грошы?

Верагодна, адбываецца гэта ў тым ліку праз тое, што ў Беларусі даступна не так шмат сродкаў для пасіўнага інвеставання. 

Фота: скрыншот з сайта belarusbank.by

Класці грошы ў банк пад цяперашнія 0,01% гадавых у далярах або еўра — бессэнсоўна, адкрываць рублёвыя ўклады — рызыкоўна, а доступ да фондавых рынкаў абмежаваны. 

Дэпутат: «Кошт квадратнага метра не павінен перавышаць сярэднямесячнага заробку». Наколькі гэта рэальна?


Даніла Луцкевіч