«Пад домам сабраўся натоўп». Дзяўчына нечакана здала кватэру-«паўфабрыкат» у «Мінск-Свет» за лічаныя хвіліны

Пераехаць у новабудоўлю (няхай нават і на арэндныя метры) — мара многіх беларусаў. Сучасны дом, добрая планіроўка, свежы рамонт. Стоп. Ці можна абысціся без рамонту? Як ні дзіўна, але кватэры ў Мінску здаюцца, а самае галоўнае і здымаюцца, зусім без рамонту. Доказ таму — аднапакаёўка ў «Мінск-Свет», знайсці жыхароў для якой удалося за лічаныя хвіліны, піша Onliner.

04.11.2024 / 15:41

Ролік пра тое, што кватэру нават без тынкоўкі на сценах можна здаць за някепскую суму, завірусіўся ў TikTok. Журналісты звязаліся з гаспадыняй метраў, каб даведацца, выпадковасць гэта ці новы трэнд.

@liemetr Аренда студии без ремонта за 250 долларов. Многие не верили, что такое возможно. Но вот она во всей красе! Квартира с уникальным дизайном в стиле Хай-тАк! С прекрасным видом на Международный финансовый центр для открытия денежной чакры. Бюджет сего великолепия около 1000 рублей + старая бытовая техника из семейных запасов. Подключение электрики и сантехники выполнили своими силами. Полный список расходов читайте в описании: Столик и стул Ами 85руб Кровать 100 руб. Наматрасник 40 руб. Прихожая 60 руб. Унитаз 50 руб. Ванна 100 руб. 2 смесителя 150 руб. Комод 50 руб. Раковина 60 руб. Шторка 25 руб. Мелочи: трубы, розетки, проводка, итд 200 руб. Холодильник, стиралка, электроплита и тумба под раковину были свои с дачи . #Арендаквартир #Ремонтквартир #Дизайнинтерьера #Дизайнминск #Инвестиции #инвестициивнедвижимость ♬ оригинальный звук - ДИЗАЙН ИНТЕРЬЕРА МИНСК ONYX.by

Не сакрэт, што ў «Мінск-Свет» шмат інвестыцыйных кватэр. Выпадак Юліі — не з такіх. Параіўшыся з мужам і раднёй, дзяўчына вырашыла пабудаваць аднапакаёўку «на выраст», для 12-гадовага сына. Маўляў, пакуль той пасталее, вырашыць жыць асобна, якраз паспеюць крэдыт пагасіць і рамонт зрабіць. Спяшацца ўсё роўна няма куды. Але адна выпадковая размова змяніла планы сям'і.

— Мы з мужам былі ўпэўненыя, што ўсе гады, пакуль будзем пагашаць крэдыт (хацелася хутчэй разлічыцца з банкам), кватэра будзе проста стаяць. А што яшчэ рабіць, калі на рамонт грошай не застаецца, а голыя сцены здаваць у нас не прынята, — распавядае Юлія. — Аднак падчас прыёмкі, пакуль ехалі ў ліфце і абмяркоўвалі ўбачанае, суседка раптам абмовілася, што ўжо заўтра ў яе кватэру заедуць кватаранты. Памятаю, як я здзівілася. У сэнсе? Якія кватаранты — толькі ж ключы атрымалі.

А яна гаворыць: так, забіраюць і ў бетоне, прычым без праблем. За $200 па курсе бяруць, напрыклад, іпэшнікі пад склады для інтэрнэт-крам. Канешне, я вельмі здзівілася, але вырашыла праверыць. І праўда, на профільных пляцоўках знайшла некалькі аб'яў аб здачы кватэр без аздаблення.

На маю прапанову таксама здаць кватэру муж спачатку засмяяўся. Але я настойвала: нам жа плаціць крэдыт, нават $100 у месяц лішнімі не будуць.

У выніку вырашылі, што будзем здаваць. Але папярэдне крыху прывядзём аднапакаёўку ў парадак.

Перш за ўсё муж і жонка падгрунтавалі сцены, каб «асадзіць» будаўнічы пыл. Затым паехалі па будкрамах: купілі на распродажы абрэзкі лінолеуму, сантэхніку. Таксама па аб'явах з рук купілі «бэушную» мэблю. Бытавая тэхніка была свая — перамясцілася з лецішча ў «Мінск-Свет». Агульныя ўкладанні склалі да 1000 рублёў.

— Калі ўсё было гатова, я размясціла аб'яву аб здачы. Паставіла $200 у месяц — думала, можа, камусьці са студэнтаў падыдзе варыянт. Але на мяне абрынуўся проста шквал званкоў.

Першыя паўгадзіны пасля публікацыі аб'явы я проста не паспявала павесіць трубку. Толькі адбой — і ўжо новы званок.

Калі размовы голасам скончыліся, выявіла, што ў мяне яшчэ штук 50 паведамленняў у месенджарах. Стала зразумела, што прагадала, — дзеліцца дзяўчына.

Кватэра яшчэ мела неабходнасць у некаторых даробках, у прыватнасці трэба было падлучыць сантэхніку. Таму Юлія выдаліла аб'яву. Новую апублікавала толькі тады, калі аднапакаёўка цалкам была гатова да жыцця. І па іншым кошце — $270 па курсе плюс аплата камунальных паслуг.

— Званкоў таксама была вялікая колькасць. Усіх жадаючых я запрашала на наступны дзень на прагляд, арыентуючы прыкладна на тры гадзіны дня. І вось калі мы з мужам пад'ехалі да дома, здзівіліся: перад уваходам быў натоўп — падумалі, што збор нейкі, мусіць, па ацяпленні пытанні будзем вырашаць. Але аказалася, што ўсе гэтыя людзі прыйшлі на прагляд кватэры!

Стала так сорамна і няёмка. Я ведаю, што звычайна палова з тых, хто абяцае, так і не прыязджае на прагляд, а тут — цэлы натоўп народу, чалавек трыццаць.

Вырашылі першымі запрасіць тых, хто прыехаў раней за ўсіх. Падымаемся разам на паверх. А там… проста пад дзвярыма людзі дзяжураць. Натуральна, першымі запрасілі іх. Прычым кандыдаты ў кватаранты былі самыя розныя — жанчына з хлопцам, які працуе ў EPAM, дзяржслужачыя, працоўныя.

Па словах Юліі, першы ж чалавек, які апынуўся ў кватэры, яе і забраў. «Пераможца» прыйшоў пад кватэру яшчэ ў 14 гадзін і цярпліва чакаў. Усіх астатніх уласніцы прыйшлося засмуціць.

Далей былі фармальнасці — падпісаць дамову на паўгода, перадаць ключы. Кватаранты жывуць у аднапакаёўцы ўжо некалькі месяцаў і, здаецца, усім задаволены.

— Хочацца сказаць: калі хтосьці знаходзіцца ў такой жа сітуацыі, як мы, варта паспрабаваць здаць сваё жыллё. Па маіх уражаннях, попыт вельмі вялікі. А то ж шкада, калі кватэра прастойвае без справы. Укладанні мінімальныя (асабліва калі ёсць старая бытавая тэхніка), яны адбіваюцца ў першы ж месяц арэнды (падатак за аднапакаёўку невялікі — усяго 47 рублёў у месяц). Прынамсі, крэдыт зможаце хутчэй пагасіць, — раіць Юлія.

Nashaniva.com