Мінчука асудзілі да прымусовага лячэння за «падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяннях»
У Мінскім гарадскім судзе 8 кастрычніка паводле ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) асудзілі 25-гадовага Аскера Алахвердзіева, піша «Вясна».
04.11.2024 / 15:53
Мінчука судзілі як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне». Гэта значыць, што асабіста на судзе ён не прысутнічаў — яго інтарэсы прадстаўляў законны прадстаўнік.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Як стала вядома з «Спіса экстрэмістаў», куды Аскера дадалі 1 лістапада, яму прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем. Рашэнне вынесла Святлана Чарапанава.
Згодна з сацыяльнымі сеткамі Аскера, ён жыў у Мінску, займаўся спортам, здымаўся ў відэа. Апошні раз ён заходзіў на сваю старонку ва «Укантакце» ў ліпені.