Сэкс-скандал у Экватарыяльнай Гвінеі. Кіраўнік мясцовага ДФР пераспаў са сваячкамі амаль усіх топ-чыноўнікаў і запісваў гэта на відэа
Адной з жанчын на злітых відэа аказалася родная сястра нязменнага прэзідэнта краіны Тэадора Абіянга Нгема Мбасога — рэкардсмена па ўтрыманні ўлады ў сучасным свеце.
04.11.2024 / 23:05
Генеральны дырэктар Нацыянальнага агенцтва фінансавых расследаванняў Экватарыяльнай Гвінеі Бальтасар Эбанг Энгонга. Фота: афіцыйны акаўнт чыноўніка ў твітары (X)
Генеральны дырэктар Нацыянальнага агенцтва фінансавых расследаванняў Экватарыяльнай Гвінеі Бальтасар Эбанг Энгонга стаў фігурантам гучнага сэкс-скандалу. У рамках антыкарупцыйнага расследавання праверылі яго камп'ютар і выявілі больш за 400 запісаў, як Энгонга займаецца сэксам са сваячкамі мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнікоў бізнэс-эліт і дзяржслужбоўцаў усіх узроўняў, піша нігерыйская газета The Punch.
Газета адзначае, што 54-гадовы Бальтасар Эбанг, які мае жонку і шасцярых дзяцей, запісваў свае сэкс-відэа ў розных лакацыях: ад гатэляў да асабістага кабінета ў Міністэрстве фінансаў. Здымка вялася нібыта са згоды ўсіх сэкс-спадарожніц чыноўніка.
Гэтымі спадарожніцамі, паводле пракуратуры і СМІ, сярод іншых сталі: стрыечная сястра Эбанга, жонка ягонага малодшага брата, дачка кіраўніка МУС, жонка генеральнага пракурора, жонкі каля 20 розных міністраў краіны і нават родная сястра прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянга Нгема Мбасога — дыктатара і сябра Лукашэнкі, які займае першае месца ў свеце па ўтрыманні ўлады ў сучасным свеце (па запрашэнні Лукашэнкі Мбасога ў мінулым годзе наведваў Беларусь).
На гэты момант 82-гадовы Тэадора Абіянг Нгема Мбасога кіруе Экватарыяльнай Гвінеяй ужо 45 гадоў, і гэта рэкорд сярод сучасных лідараў краін свету, якія не з'яўляюцца, прынамсі фармальна, спадчыннымі манархамі.
Тэадора Абіянг Нгема Мбасога і Аляксандр Лукашэнка ў Экватарыяльнай Гвінеі. Фота: @teddynguema
Частка знойдзеных следчымі парнаролікаў з удзелам Бальтасара Эбанга днямі была афіцыйна абнародаваная пракуратурай, што ўзарвала мясцовую медыяпрастору. Відэа разышліся па сацсетках. У выніку ўлады Экватарыяльнай Гвінеі пашкадавалі пра сваё рашэнне раскрыць відэаматэрыялы па справе.
Віцэ-прэзідэнт краіны Тэадора Абіянг Нгема Манге (сын прэзідэнта Мбасога) нядаўна напісаў у сваім афіцыйным акаўнце ў твітары (X), што патрабуе неадкладна спыніць распаўсюд «парнаграфічных відэаролікаў, якія запоўнілі сацсеткі краіны».
Акрамя таго, Манге заявіў, што з гэтага часу ўсе чыноўнікі, якія мелі сэксуальныя адносіны ў кабінетах міністэрстваў краіны, страцяць свае пасады.
Сам Бальтасар Эбанг цяпер знаходзіцца за кратамі, але гэтая мера стрымання была накладзеная ўладамі толькі з-за карупцыйных злачынстваў чыноўніка. Калі будзе даказана, што ўсе спадарожніцы Эбанга давалі сваю згоду і на сэкс з ім, і на здымку самога працэсу, то чыноўніка наўрад ці прыцягнуць за гэта да крымінальнай адказнасці, нягледзячы на ўвесь рэзананс, адзначаюць мясцовыя медыя са спасылкай на пракуратуру краіны.
Прэзідэнт Зімбабвэ доўга не мог завесці трактар ад Лукашэнкі ВІДЭА