Як каманда Ціханоўскай вяла перамовы з адміністрацыяй Вучыча
Рэжысёр Андрэй Гнёт, якога з Сербіі хацелі дэпартаваць у Беларусь, у канцы кастрычніка нарэшце змог пакінуць Сербію — праз год пасля затрыманні. Каб гэта атрымалася, дэмакратычныя сілы вялі перамовы ў тым ліку з адміністрацыяй прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча. Дарадца Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», як гэта выглядала.
04.11.2024 / 19:54
Кароткая сустрэча Ціханоўская з Вучычам на палях саміту ў ліпені. Фота тут і далей: Офіс Ціханоўскай
Дзяніс Кучынскі апісвае, што, каб вызваліць Гнёта, працавалі адразу па некалькіх кірунках. Першы — юрыдычны (да справы падключыліся сербскія адвакаты, беларускія юрысты Ганна Маціеўская, Марыя Колесава-Гудзіліна, каманда юрыстаў Офіса Ціханоўскай — у прыватнасці Лявон Марозаў). Другі — міжнародна-палітычны (сустрэчы з партнёрамі беларускіх дэмсілаў з розных краін, каб прыцягнуць больш увагі да сітуацыі). Трэці — сербскі (праца непасрэдна з адміністрацыяй прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча).
Першы кантакт з Вучычам у Ціханоўскай быў у ліпені на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
«І падчас гэтай сустрэчы прэзідэнт Сербіі даў ведаць, што ён сочыць за справай і шукае пэўнае вырашэнне», — кажа Кучынскі.
Другая важная сустрэча адбылася ў рамках Геасамблеі ААН у верасні. Каманда Ціханоўскай бачыла, што ў праграме ёсць супольныя вячэры, дзе будзе Вучыч. Загадзя даслалі камандзе Вучыча ліст. Наладзіць камунікацыю дапамог Алекс Сораса (сын мільярдэра і філантропа Джорджа Сораса) — ён падзяліўся блізкім кантактам у адміністрацыі Вучыча. «Другі чалавек у Сербіі», — апісвае той кантакт Кучынскі.
Ціханоўская з дарадцамі на сустрэчы з Алексам Сорасам
Аднак на вячэры сустрэцца не атрымалася. Тады Дзяніс Кучынскі застаўся ў Нью-Ёрку на прыём Сораса, каб пабачыцца з тым чалавекам.
«Тады я ўпершыню ад каманды Вучыча пачуў, што Гнёта не выдадуць рэжыму Лукашэнкі. І мы дамовіліся, што паспрабуем знайсці супольнае рашэнне», — згадвае Кучынскі.
Па яго словах, была інфармацыя, што Андрэя Гнёта могуць выпусціць раней, напачатку кастрычніка. Але ў выніку спатрэбілася больш часу.
Андрэй Гнёт пасля таго, як пакінуў Сербію. 31 кастрычніка 2024 года ён прыляцеў у ЕС. Фота: сацсеткі
«З таго, што сербскі бок абяцаў, усё так было і зроблена», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Ён падсумоўвае: дыпламатыя працуе.
«Нават нягледзячы на адрозненні ў палітычных поглядах, якія, безумоўна, існуюць з Сербіяй, чалавечыя стасункі могуць ратаваць жыцці».
Учора Дзяніс зноў размаўляў з камандай Вучыча і падзякаваў ім за супрацу.
«Зразумела, што рэсурс Офісу абмежаваны, але каманда Ціханоўскай працягне і надалей дапамагаць беларусам. Мы сваіх не кідаем — кейс Гнёта гэта чарговы таму прыклад», — дадае Кучынскі. Ён згадвае, што раней Офіс падключаў свае кантакты, калі ў тайскую турму трапіў гурт Бі-2, а таксама калі беларусаў затрымлівалі ў Арменіі.
Андрэй Гнёт расказаў, чаму ягоны выезд з Сербіі нагадваў эвакуацыю
Рэжысёр Андрэй Гнёт на волі, ён ужо пакінуў Сербію
У Сербіі скасавалі пастанову аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта