Расія спрабавала зладзіць тэракты на авіярэйсах у Еўропе
Пра гэта даведалася выданне The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскія і еўрапейскія спецслужбы. Як мінімум дзве замаскаваныя выбухоўкі, якія павінны былі трапіць на авіярэйсы ў ЗША і Канаду, былі адпраўленыя агентамі ГРУ з тэрыторыі Літвы. Па справе ладзяцца арышты.
04.11.2024 / 23:47
Самалёт міжнароднай лагістычнай кампаніі DHL. Фота: Armando Franca / AP
Расійская вайсковая разведка (ГРУ) удзельнічала ў арганізацыі падпалаў на борце самалётаў, якія накіроўваліся ў Паўночную Амерыку. Часткай гэтай аперацыі сталі раптоўныя ўзгаранні пасылак на складах міжнароднай лагістычнай кампаніі DHL у Вялікабрытаніі і Германіі, якія павінны былі трапіць адтуль на пасажырскія і грузавыя авіярэйсы, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на расследаванні заходніх спецслужбаў.
Узгаранні, якія адбыліся ў гэтым годзе на размеркавальных складах DHL у англійскім Бірмінгеме і нямецкім Лейпцыгу, разглядаюцца заходнімі разведкамі як спробы падпаліць самалёты, якія накіроўваюцца ў ЗША і Канаду. Выбухоўкі былі замаскіраваныя пад звычайныя электрычныя масажоры, якія трапілі на склады DHL з Літвы.
Да расследавання справы далучылася пракуратура Польшчы, якая арыштавала на сваёй тэрыторыі ўжо чатырох чалавек, якіх звязваюць з расійскім ГРУ (іх нацыянальнасць не раскрываецца). Яшчэ двух чалавек, падазраваных у арганізацыі падпалаў, усё яшчэ шукаюць іншыя еўрапейскія выведкі, даведалася The Wall Street Journal.
Выданне адзначае, што збіццё камерцыйных пасажырскіх або грузавых самалётаў стала б істотнай эскалацыяй канфлікту паміж Расіяй і Захадам, і некаторыя заходнія разведвальныя агенцтвы выказалі сумненне, што падобная аперацыя магла арганізоўвацца расійскімі агентамі без поўнага ўхвалення Крамля.
Прадстаўнікі ЦРУ і Упраўлення транспартнай бяспекі ЗША адмовіліся каментаваць меркаваную аперацыю Крамля. Лагістычная кампанія DHL, на складах якой адбыліся падпалы, заявіла, што супрацоўнічае ў расследаванні інцыдэнтаў з еўрапейскімі ўладамі.
Расійскія ўлады, у сваю чаргу, адмаўляюць сапраўднасць даных заходніх разведак.
Кіраўнікі разведкі краін Захаду ўстрывожаныя «дзікімі паводзінамі» расійскіх спецслужбаў