«Вырашылі прыдумаць нешта новае». У Гомелі бытавую хімію прадаюць на разліў з аўтаматаў
Жыхары Гомеля расказваюць пра навінку: не так даўно ў горадзе сталі з'яўляцца аўтаматы па разліву бытавой хіміі. Але стаўленне да іх пакуль насцярожанае, піша «Анлайнер».
04.11.2024 / 23:44
«У нас у краме паставілі такі прыбор, але я баюся да яго падыходзіць», — напісала чытачка і папрасіла высветліць, што менавіта заліваюць у такія аўтаматы.
Аказваецца, цяпер націсканнем кнопкі ў вендынгавым апараце можна купляць бытавую хімію і касметыку, хоць пакуль што толькі ў Гомелі. На выбар прапануецца пяць пазіцый: мыла для рук, крэм-гель для душа, гель для мыцця посуду, гель для мыцця і кандыцыянер для бялізны.
Аўтары праекта запэўніваюць, што гэта была іх уласная ідэя — аналагічных апаратаў яны нідзе не бачылі.
«Мы хацелі вендынгавы бізнэс і разглядалі розныя варыянты, — расказвае дырэктар сеткі Аляксандр. — Кававых апаратаў ужо занадта шмат, і ўсе добрыя месцы занятыя. Вось і вырашылі прыдумаць нешта новае, чаго ў нас яшчэ не было раней».
Год таму прадпрымальнікі купілі адзін «пусты» апарат — уцяплілі яго, паставілі прыстасаванне для разліву бытавой хіміі, дадалі купюрапрыёмнік, манетапрыёмнік і тэрмінал для аплаты картай. Тэставая версія засведчыла сябе выдатна, таму вырашана было расставіць па горадзе яшчэ 20 такіх апаратаў. Іх усталявалі 4 месяцы таму.
Што ўсярэдзіне аўтаматаў? Аляксандр кажа, што першапачаткова спрабавалі некалькі вытворцаў бытавой хіміі: не падыходзіла альбо кансістэнцыя, альбо асартымент, альбо кошт. У выніку спыніліся на расійскім брэндзе «Каралева яблынь».
Разліваюць бытавую хімію па звычайных пластыкавых бутэльках. Кошт вызначылі аднолькавы для ўсіх сродкаў — 4 рублі за літр.
«Такой цаны дасягаем за кошт аптовых паставак — заказваем адразу больш за дзесятак еўракубаў, не плацім за тару, бо яна зваротная (адпраўляем пустую тару — атрымліваем поўную). За кошт гэтага маем дадатковую зніжку і цану павышаць пакуль не плануем».
Так выглядае апарат знутры
Па словах Аляксандра, попыт на прадукцыю з аўтаматаў расце з месяца ў месяц. Кампанія гатовая пастаўляць падобныя вендынгавыя апараты і ў іншыя рэгіёны.
«За некалькі месяцаў ужо прадалі больш за 30 000 літраў бытавой хіміі. Зараз мы вядзем некалькі дыялогаў з патэнцыйнымі партнёрамі з розных гарадоў Беларусі, у тым ліку з Мінска, а таксама з Расіі».
Трэба адзначыць, што бытавая хімія ад брэнда «Каралева яблынь» прадаецца ў вялікіх аб'ёмах і ў звычайных крамах, у тым ліку на маркетплэйсах. Напрыклад, 5-літровую каністру сродку для мыцця посуду можна купіць за 29,39 рубля. Атрымліваецца 5,8 рубля за літр — не нашмат даражэй, чым у аўтамаце. Але, магчыма, сам спосаб пакупкі праз вендынгавы апарат камусьці падаецца больш цікавым, чым звычайная дастаўка.
«Капец. Стыдоба!» Тыкток парвала відэа жанчын каля кававага аўтамата ў Баранавічах