З РТБД, які грамяць улады, сышла яшчэ адна зорка
У пачатку лістапада з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) былі звольненыя чацвёра акцёраў, сярод іх зоркі калектыву Максім Брагінец , Зміцер Давідовіч і Арцём Курэнь. Як даведалася «Люстэрка», зараз з калектыва сышла яшчэ адна з яго лідарак — акторка Ганна Семяняка. Пацвярджэннем гэтай інфармацыі стала выдаленне яе старонкі з сайта тэатра.
05.11.2024 / 11:42
Ганна Семяняка. Фота: rtbd.by
Ганна Семяняка нарадзілася ў 1991 годзе ў Стоўбцах Мінскай вобласці. У 2013-м скончыла Акадэмію мастацтваў (курс Мікалая Кірычэнкі) па спецыяльнасці «акцёр тэатра і кіно». З таго часу працавала ў РТБД.
Семяняка перамагала ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» за ролю Дзіны ў спектаклі «Сірожа» на VII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску ў 2019-м. Таксама яна была занята ў лепшых спектаклях РТБД — «Шлюб з ветрам», «Забалоцце», «Пачупкі» і шэрагу іншых.
Дакладная прычына звальнення актрысы невядомая. З аднаго боку, яе магла звольніць дырэктар тэатра Святлана Навуменка — як да гэтага яе калегаў. З іншага — практычна ўсе спектаклі, у якіх была занятая Семяняка, пасля звальнення іншых акцёраў зніклі з рэпертуару, іграць ёй практычна няма чаго. Акрамя таго, Ганна — жонка звольненага акцёра Арцёма Курэня, з якім яна грала ў шэрагу спектакляў вядучыя ролі.
Арцём Курэнь і яго жонка, таксама актрыса Ганна Семяняка. Сцэна са спектакля «Шлюб з ветрам». Фота: rtbd.by
Гэта пацвярджае неафіцыйную інфармацыю, што большая частка спектакляў, знятых з рэпертуару з-за затрыманняў акцёраў, аднаўляцца не будзе. Напрыклад, у «Шлюбе з ветрам» Курэнь і Семяняка гралі галоўныя ролі. Замяніць іх немагчыма. Фактычна трэба ставіць новы спектакль, ад чаго, здаецца, вырашылі адмовіцца.
Трох самых зорных акцёраў РТБД звольнілі з тэатра
Затрыманых акцёраў РТБД вызвалілі
Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю